«Троіца» выступіла ў Англіі на фестывалі з Кнігі рэкордаў Гінэса


«Троіца». Фота estoy.cl

Этна-трыа «Троіца» стала першым беларускім калектывам, якія прынялі ўдзел у фестывалі «WOMAD» у Вялікай Брытаніі. Выступленне беларусаў рэкамендавала наведаць вядомая брытанская газета «The Telegraph».

«WOMAD» быў заснаваны ў 1980 годзе Пітэрам Гейбрыэлам (Peter Gabriel) для таго, каб паказваць музыку, танцы і мастацтва з усяго свету. У 2001 годзе імпрэзу занеслі ў Кнігу рэкордаў Гінэса як самы буйны музычны фэст у свеце – яго рэгіянальныя версіі праходзяць на некалькіх кантынентах. Але галоўным і самым прэстыжным усцяж застаецца родапачынальнік – фестываль у Вялікай Брытаніі, які кожны год збірае дзясяткі тысяч гледачоў.

«Троіца» была запрошаная на галоўны «WOMAD» яшчэ ў 2014 годзе, пасля паспяховага выступлення на «WOMAD Russia» ў 2013-ым, але тады ім не паспелі аформіць візы. Вясной 2016-га «Троіца» выступіла ў Паўднёвай Амерыцы на «WOMAD Chile», пасля чаго галаўнога фестываль вырашыў паўтарыць беларусам сваё запрашэнне.

«Узрушальная група, якая грае на 50 інструментах«, – напісала ў сваім фестывальным анонсе буйная брытанская газета «The Telegraf».

«Фестываль «WOMAD» – гэта вялікае свята, дзе ўсё прэзентуюць культуру сваіх краін і народаў, але пры гэтым сціраюцца любыя палітычныя межы, – кажа лідар калектыву Іван Кірчук. – Мы самі з задавальненнем паслухалі некаторых артыстаў. Пасля выступу падышлі да Анушкі Шанкар (амерыканская сітарыстка і кампазітарка індыйскага паходжання, дачка легендарнага музыканта Раві Шанкара) і абмяняліся кампліментамі – мы вялікія прыхільнікі ейнай творчасці. Яна цудоўна працягвае традыцыі свайго бацькі і сёлета была адным з гэдлайнераў».

Найліжэйшы выступ этна-трыа «Троіца» ў Беларусі адбудзецца 10 верасня ў рамках фолк-фэсту «Камяніца 2016». У імпрэзе таксама возьмуць удзел гурты «Тарута» (Украіна), «Оле-Лукойе» (Расея), «Re1ikt» (Беларусь), «Ветах» (Беларусь).

МЯ, паводле naviny.by

Глядзі таксама
Каментары