Трэцяя гадавіна расстрэлу Еўрамайдану: у Кіеве ўшанавалі памяць герояў Нябеснай сотні

video

Гадавіна расстрэлаў на Майдане

Некалькі соцень удзельнікаў прайшлі маршам па месцах сутыкненняў ад Украінскага дому да вуліцы Інстытуцкая.

Скончылася шэсце паніхідаю і ўскладаннем кветак да Мемарыялу памяці.

«Гэта вельмі важна, вельмі не хочацца, каб гэта забывалася, – як было, як людзі тады ўсталі, як людзі хацелі змяніць штосьці, як людзі ішлі, аддаючы ўсё, аддаючы сваё жыццё дзеля будучыні, дзеля дзяцей, дзеля нас усіх», – кажа ўдзельніца акцыі.

Шэсці, малебны, выставы, канцэрты і прэзентацыі кніг – цягам некалькіх дзён у Кіеве пройдзе каля двух дзясяткаў мерапрыемстваў, прысвечаных ушанаванню Рэвалюцыі годнасці. Тры дні з 18-га да 20-га лютага ўвайшлі ў гісторыю Украіны як трагічны фінал супрацьстаяння паміж Майданам і сілавікамі тагачаснага кіраўніка краіны Віктара Януковіча.

Акцыя пратэсту ў цэнтры Кіева пачалася 21-га лістапада 2013-га года пасля таго, як урад краіны адклаў падпісанне пагаднення пра асацыяцыю з Еўразвязам.

«Падпісанне пагаднення рабіла б немагчымым вяртанне Украіны ў каланіяльны стан адносна Расеі, бо тады не было б Мытнага саюзу ды іншых дамоваў з Расеяй. Момант, калі Януковіч і Азараў абвесцілі, што пагаднення не падпішуць, для мяне стаў выклікам. Гэта была пагроза самога існавання дзяржавы Украіна. Таму я пайшоў на Майдан. На Майдане мы супрацьстаялі ў першую чаргу Пуціну. Януковіч быў проста марыянетка», – кажа камендант кіеўскага Майдану, кіраўнік Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій.

Да 18-га лютага на Еўрамайдане загінулі 10 асобаў, а цягам трох дзён, з 18-га да 20-га лютага, – яшчэ 91 чалавек. Некалькі дзясяткаў асобаў прапалі без вестак, больш за тысячу – былі параненыя. Пратэсты трывалі 94 дні і скончыліся ўцёкамі Віктара Януковіча ў Расею.

«Людзі сталі не тымі, што былі, людзі адчулі, што яны могуць у гэтай краіне штосьці змяняць. Але, на жаль, за тры гады гэтых зменаў недастаткова, то бок калі тры гады таму тут, на Інстытуцкай, гінулі хлопцы, мы ўсе думалі, што праз тры гады мы будзем жыць крыху інакш», – выказваецца ўдзельнік акцыі.

Расследаванне ў справе расстрэлаў дагэтуль не скончанае, але Служба бяспекі Украіны абвесціла Віктара Януковіча падазраваным у дзяржаўнай здрадзе, у сакавіку мае скончыцца дасудовае расследаванне ў ягонай справе. Дамова аб асацыяцыі Украіны з Еўразвязам падпісаная, і праз некалькі месяцаў паміж Украінаю і А’ʼяднанай Еўропай мае пачаць дзеяць бязвізавы рэжым.

Глядзіце таксама:

Ірына Дарафейчук, belsat.eu, фотаздымак Reuters, Valentyn Ogirenko/ Forum

Глядзі таксама
Каментары