Трэш года: вынікі 2015-га ў вясёлым відэа «Белсату»

video

Мы склалі рэйтынг самых запамінальных людзей ды падзеяў года.

Песня года

У гэтай па-савецку настальгічнай навагодняй намінацыі перамагаюць хлопцы з выбарчага ўчастка на Берасцейшчыне ды іхныя прыпеўкі «Лукашенко – наш отец, но ему придёт п@здец».

shulgan
Юры Шульган. Фота shulgan.org

Палітык года

Пачэснае званне атрымлівае самы вядомы дармаед Беларусі Юры Шульган. За тонкае адчуванне перадвыбарчай абстаноўкі ў краіне ды адданасць шляхетным ідэалам у цэлым і Зянону Пазняку ў прыватнасці.

 Ноч года

Падчас гістарычных перамоваў аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне Аляксандр Лукашэнка ўсю ноч карміў лідараў «нармандскай чацвёркі» яешняю і малочнымі прадуктамі, а каву насілі «вёдрамі». Ці жартачкі – упершыню прыехалі Ангела Мэркель і Франсуа Алянд. Кіраўнік Францыі, напрыклад, апошнім разам наведаў нас у 1812 годзе. І, як вы ўжо здагадаліся, быў Напалеонам.

Напой года

Але на званне «Напой года» ўсё ж болей цягне малако. Менавіта яно стала тэмаю лірычнага адступлення Аляксандра Лукашэнкі падчас выступу перад удзельнікамі форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расеі, якое выклікала хвалю рогату. Паспрыяў такой рэакцыі, канешне ж, Уладзімір Пуцін. Пакуль ягоны беларускі калега ў адказ на крытыку казахстанскага лідара тлумачыў, што гэта – цалкам нармальна: «сушыць малако» і, «калі пік яго падае», разбаўляць вадою, а потым прадаваць братняй рэспубліцы. «Навошта ж вы малако вадою разбаўляеце, гэта ж не піва?!» – пажартаваў гаспадар Крамля.

starykau
Мікалай Старыкаў. Фота inform-analitic.com

Лозунг года

Самым актуальным, што даводзіць маланкавая на яго рэакцыя, можна смела назваць лозунг «Чамадан-вакзал-Расея», які выгукнулі прадстаўнікі «Маладога Фронту» на на лекцыі расейскага нацыяналістычнага ідэолага Мікалая Старыкава ў Доме Масквы. Пасля пачалася тузаніна, а актывістаў выставілі з залы.

Віншаванне года

Віншаванні, гэтак жа як і тосты, часта бываюць банальнымі. Але не ў выпадку, калі яны гучаць з вуснаў кіраўніка Беларусі. Спачатку ён доўга думаў, ці віншаваць нашую суайчынніцу Святлану Алексіевіч з літаратурным Нобэлем. А пасля вырашыў узмацніць эфект запозненага вітання публічнаю крытыкай. «Начапіўшы» ордэн Скарыны замест нобэлеўскай лаўрэаткі на расейскага кампазітара Віктара Дробыша, Аляксандр Лукашэнка пахваліў яго за сапраўдную любоў да нашай радзімы, маўляў, не тое што некаторыя: не паспелі Нобэля атрымаць, як «цэбар бруду» вылілі на Радзіму.

Жэрар Дэпард’ё з Аляксандрам Лукашэнкам. Фота kp.by

Калгаснік года

Праўда, ёсць замежнік і сярод віртуальна ўзнагароджаных «Белсатам». Жэрар Дэпард’ё перамагае ў нашым сацыялістычным спаборніцтве «Калгаснік года» за натуральную цягу да травы (яе касьбы) і разуменне месца сельскай гаспадаркі ў сучасным свеце.

Прагульшчык года

Побач з зорным аматарам палёў і гоняў засвяціўся і герой наступнай намінацыі, Коля Лукашэнка. Навучальны год ён распачаў ударна: тыдзень прагулаў толькі за першы месяц навучання. Гэта пры тым, што столькі ж ён адсутнічаў на занятках з прычыны замежных ваяжаў цягам усяго мінулага школьны года.

Аксесуар года

zaldastanau
Уладзімір Пуцін узнагароджвае лідара «Начных ваўкоў». Фота fedpress.ru

Наш рэйтынг працягваюць «байкеры Пуціна», якія з нагоды 70-годдзя перамогі ў Другой сусветнай вайне мужна «ўзарвалі» інтэрнэт касметычкамі, а іхны правадыр шматзначна папярэджваў тых, хто «русафобію ўсчынаюць, вось гэта вось вось гэта ўсчынаюць усё вось гэта».

Бландынка года

Ну і з надзеяй на тое, што прыгажосць калісьці выратуе свет, а не знішчыць яго, прадстаўляем пацверджанне таго, што простыя беларусы адчуваюць-такі патэнцыйную сілу чацвёртай улады (відэа «Агрэсіўная бландынка ў пагоні за аператарам “Белсату”»). Так што за намі будучыня, сябры!

ІА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары