Трэнер міні-футбольнага «Лідсельмашу»: Ніхто з чыноўнікаў не павіншаваў з чэмпіёнствам


На фінальныя матчы міні-футбольнага першынства ў Лідзе праз аншлаг не змаглі патрапіць некалькі сотняў заўзятараў. А спартовыя чыноўнікі гораду нават не спрабавалі.

У мінулую нядзелю міні-футбольны клуб «Лідсельмаш» стаў чэмпіёнам краіны, перамогшы ў фінальнай серыі «Вітэн» з Віцебску. Галоўны трэнер лідскага клубу Віктар Тарчыла ў інтэрв’ю карэспандэнту Belsat.eu Яўгену Балінскаму распавёў пра «найлепшы чэмпіянат за ўсю гісторыю» і пра колькасць жадаючых патрапіць на фінальныя матчы. Таксама трэнер узгадаў пра ігнараванне поспехаў каманды лідскімі чыноўнікамі.

Віктар Тарчыла: Эмоцыі зашкальваюць. За ўсе 26 чэмпіянатаў гэты быў самым моцным. Было больш за 25 украінцаў, расейцы, бразільцы. Калі на першае месца прэтэндуюць 5-6 камандаў, і амаль усе – на ўваходжанне ў васьмёрку, выйграваць удвая прыемней. Быў жа і «Барысаў-900» з легіянерамі, які нават у васьмёрку не трапіў, і той жа «Граніт» і «Фортэ», таму невядома.

Belsat.eu: У пачатку сезону вы казалі, што чыноўнікі з Лідскага спартовага камітэту ігнаруюць «Лідсельмаш», не наведваюць матчаў,, не аказваюць падтрымкі. Ці змянілася нешта цяпер пасля такога поспеху?

Віктар Тарчыла: Шчыра кажучы, не змянілася: ніхто з лідскага спартовага кіраўніцтва нават не павіншаваў нас, хаця яны, вядома, людзі занятыя, шмат у іх і іншых справаў. Але дзякуючы таму ажыятажу, які быў у горадзе на працягу ўсяго гэтага месяца плэй-оф, мае хлопцы заслужылі ўвагу. І хацелася б, каб і рэгіянальнае кіраўніцтва звярнула ўвагу на каманду, кудысьці яе запрасіла, сустрэлася з хлопцамі і адзначыла іх дасягненне. Разумееце, на галоўны матч фіналу ў нядзелю, 31 траўня, прыйшлі тысяча ці паўтары тысячы чалавек. А яшчэ мне сказалі, што 200, 300 ці 500 чалавек на гульню не трапілі – гэта сур’ёзна. Я не ведаю, які яшчэ від спорту ў Гарадзенскай вобласці і якая каманда збяруць столькі людзей.

Belsat.eu: А як думаеце, чаму тады чыноўнікі ўсё ж не звяртаюць увагі?

Віктар Тарчыла: Не ведаю. Трэба ў іх пытацца. Можа быць, справа ў занятасці. Хаця ёсць асобныя камітэты, якія адказваюць менавіта за спорт. Вядома, ёсць асадак. Тым больш каманда едзе ў Еўропу, і будзе прадстаўляць усю нашу краіну там, і хацелася б, каб гэтыя людзі павярнуліся да нас тварам. Аднаму гендырэктару заводу цягнуць такі цяжар вельмі складана, а любая дапамога, нават псіхалагічная – хаця б сустрэцца і пагаварыць – будзе прыемная і карысная.

Belsat.eu: Прыхільнікі каманды цікавяцца: якая верагоднасць таго, што матчы кубка УЕФА будуць адбывацца ў Лідзе?

Віктар Тарчыла: Самі бачыце, якая сітуацыя: тут павінна і кіраўніцтва гораду і рэгіёну над гэтым працаваць. Мы хочам, каб адзін з этапаў прайшоў у Лідзе, але мусяць займацца гэтым чыноўнікі – ад мяне асабіста нічога не залежыць. Увогуле, у Беларусі гэтыя этапы ніколі не праводзіліся  (у міні-футболе звычайна выбіраецца адзін горад для гульняў на працягу ўсёй стадыі. – Belsat.eu). Размаўляў з прадстаўнікамі латвійскага Нікарсу, які ўжо чатыры ці тры гады прымае этапы ў сябе, са словаў суразмоўцы зразумеў, што ў Ліды таксама ёсць шанцы. Калі быў бы ажыятаж і поўныя залы, было б свята для Ліды, вобласці і для Беларусі.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Стужка навінаў