Трэнер Аляксандр Хацкевіч: Матч з Украінай не будзе сяброўскім


Беларускую футбольную зборную, якая прыбыла верасня ў Львоў на адборачны матч чэмпіянату Еўропы-2016 супраць Украіны, у аэрапорце сустрэлі хлебам-соллю.

«Вельмі радуе такая ўвага. Усё гэта дзякуючы сяброўскім адносінам паміж нашымі краінамі. Але заўтра ўсё ж футбол будзе не сяброўскім», – заявіў галоўны трэнер Аляксандр Хацкевіч беларускай зборнай на вячэрняй прэс-канферэнцыі, паведамляе прэс-служба Беларускай федэрацыі футболу.

Паводле слоў Хацкевіча, які доўгі час гуляў і працаваў у кіеўскім «Дынама», у гэтай адборачнай групе ён сімпатызуе Украіне – «але не заўтра», падае БелаПАН.

«Мы будзем гуляць у той футбол, які нам прынясе вынік. А вынік для нас – гэта толькі перамога. Яшчэ ёсць магчымасць учапіцца за трэцяе месца», – лічыць трэнер.

Узровень суперніка Хацкевіч ацаніў высока: «Уся каманда збалансаваная, дасведчаная. У складзе ёсць хлопцы, якія ўдзельнічалі на чэмпіянаце свету, на дамашнім Еўра, плюс шмат якія футбалісты гуляюць у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы. У зборнай Украіны міжнародны вопыт большы, чым у нас. Зразумела, што ў атацы добрыя флангавыя гульцы, Канаплянка, Ярмоленка, Селязнёў. Не ведаю, хто заўтра будзе гуляць у нападзе, але з форвардаў Селязнёў выглядае больш пераважна, ён у добрай форме».

Гульня ж зборных Беларусі ды Украіны ў межах кваліфікацыі да Еўра-2016 распачнецца 5-га верасня а 19:00. Медыі паведамлялі, што на матч у Львоў можа прыехаць кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Беларускія футбольныя фанаты ў Львове здалі кроў для параненых украінскіх вайскоўцаў.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў