Трэці па статусе чалавек Расеі завітаў у Горадню (фотарэпартаж)


Чарговае 48-е паседжанне Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы прайшло на заходніх межах Беларусі. З гэтай нагоды ў Горадню прыбыў спікер расейскай Думы Сяргей Нарышкін.

Паседжанне, якое праходзіла ў гарадзенскім аблвыканкаме, было прысвечанае перспектывам развіцця Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі да 2017 года. На сесіі прысутнічаў і трэці чалавек у Расейскай Федэрацыі (прасля прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева)– спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін. У мерапрыемствах браў удзел таксама сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

Удзельнікі паседжання абмяркоўвалі шырокі спектр пытанняў: ад паспяховасці выканання плану па святкаванні 70-годдзя Перамогі да бюджэту Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Напярэдадні сесіі ў цэнтральным корпусе ўніверсітэту імя Янкі Купалы быў праведзены круглы стол з удзелам дзеячаў культуры і навукі. А па шляху з універсітэту да аблвыканкаму чальцы дэлегацыі скіраваліся ў парк Жылібера, каб ускласці кветкі да вечнага агню.

Нягледзячы на высокі ўзровень мерапрыемства і статуснасць гасцей, наўрад ці ўсе гарадзенцы былі ў курсе падзеі: цэнтр быў перакрыты толькі на кароткі час і не ператвараўся ў «горад-прывід», як гэта бывае падчас візітаў кіраўніка дзяржавы. Сотняў падазроных людзей у штацкім на вуліцах гораду, а таксама праверак сумак ды дакументаў не было.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў