«Трэба даслаць ім белыя ніткі, каб мацней прышывалі справы». Гарадзенца чакае суд за акцыю, якой не было


Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалай Салянік. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

26 ліпеня ў Ленінскім судзе Горадні меўся адбыцца разгляд справы кіраўніка Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Мікалая Саляніка. Аднак сёння актывісту патэлефанавалі і паведамілі, што дагэтуль ідзе дапрацоўванне пратаколаў па дзвюм справам.

Нагадаем, 3 ліпеня Мікалая Саляніка разам з іншым сябрам АГП у Горадні Аляксандрам Лаўрэнцьевым людзі ў цывільным брутальна затрымалі за спробу правядзення несанкцыянаванага пікету. У той дзень Салянік і Лаўрэнцьеў апранулі турэмныя паласатыя робы і, трымаючы ў руках таблічку з надпісам «Беларусь – краіна для жыцця», сфатаграфаваліся і апублікавалі здымак у сацсетках.

Фотаздымак, апублікаваны ў сацсетках. Мікалай Салянік і Аляксанд Лаўрэнцьеў у турэмных кашулях і з надпісам “Беларусь – краіна для жыцця”.

У такім выглядзе актывісты збіраліся наведаць Свята нацыянальных культур, якое ў той дзень праводзілася ў горадзе. Аднак, як толькі мужчыны паспрабавалі выйсці з кватэры, іх адразу схапілі супрацоўнікі АМАПу.

«Усю дарогу збівалі ў раёне сэрца»

Актывісты выйшлі з хаты на сваю акцыю, нягледзячы на тое, што на іх чакалі адмысловыя бусы.

«Можна было б не выходзіць, можна было б збегчы, але мы ўсё ж такі, хацелі зрабіць усё з гонарам. Я накінуў на шыю Сашы пятлю, заклеіў яму рот пластырам і мы пайшлі. З буса адразу выскачылі супрацоўнікі АМАПу ў цывільным і з аўтаматамі, не прадставіліся і схапілі нас. Зламалі мне акуляры і ўпіхнулі ў бус. І вось ужо там, калі не было камер і фотаапаратаў журналістаў, яны, пяцёра чалавек, адцягнуліся па поўнай. Паказалі сваю ўладу над 60-ці гадовым старым чалавекам. Збівалі ўсю дарогу, пакуль везлі ў Кастрычніцкі РАУС. Стараліся біць у раёне сэрца, ведаючы, відаць, што я сардэчна хворы інвалід другой групы», – распавядае спадар Мікалай.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Мікалай Салянік 10 гадоў працаваў галоўным аграномам у калгасе «Шлях камунізму», потым быў калгасным кіраўніком, а яшчэ пазней займаў пасаду кіраўніка раённай рады. На пачатку 2000-х балатаваўся на пасаду дэпутата Вярхоўнай рады. Нязгодны з дзеяннямі Аляксандра Лукашэнкі, ён стаў займацца палітыкай і ўступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Пакаранні за акцыю, якой не было

Затрыманага Аляксандра Лаўрэнцьева асудзілі на наступны дзень, 4 ліпеня. Ён атрымаў штраф у 5 базавых велічыняў за непадпарадкаванне міліцыі, а таксама 15 базавых велічынь за правядзенне несанкцыянаванага пікету. Такім чынам суд ацаніў здымак у сацсетках. Што датычыць Мікалая Саляніка, то пасля збіцця АМАПам мужчыну забралі ў шпіталь.

«У Кастрычніцкім РАУСе без асаблівай ахвоты выклікалі хуткую і лекары пацвердзілі, што мне дрэнна. У выніку мяне шпіталізавалі ў 3-ці шпіталь. Лекар папрасіў мяне зняць турэмную робу, маўляў, шпіталь – не месца палітычным акцыям. Я пагадзіўся і аддаў сваю вопратку. Відаць, пад націскам міліцыі, мяне патрымалі там толькі два дні», – тлумачыць Мікалай Салянік.

«Я хацеў паказаць, у якой краіне мы жывём і ў мяне гэта атрымалася»

Як распавядае актывіст, пасля гэтых двух дзён сваю вопратку назад вярнуць не ўдалося. Як патлумачылі ў шпіталі, усе асабістыя рэчы Мікалая Саляніка канфіскавала міліцыя.

«Зразумела, што я пачаў абурацца. І вельмі эмацыйна абурацца. Сярод маіх рэчаў знаходзілася досыць вялікая сума грошай, якую проста канфіскавалі, нават мне пра гэта не сказаўшы ні слова. І за маю спрэчку ў шпіталі, мне зараз прышываюць яшчэ адну справу – хуліганства. Самае смешнае, што я дагэтуль не бачыў пратаколаў ніводнай з гэтых справаў. Мяне не прасілі нічога падпісваць. Гэта жах нейкі. Думаю, што трэба тэрмінова купіць некалькі катушак белых нітак і даслаць у Кастрычніцкі РАУС і Ленінскі РАУС, каб яны шылі справы як трэба, памацней», – кажа спадар Мікалай.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Праз два дні пасля выпіскі са шпіталя, Мікалай Салянік яшчэ на два тыдні трапіў у рэанімацыю. Аднак, не зважаючы на стан здароўя, пра акцыю актывіст зусім не шкадуе.

«Я хацеў паказаць, у якой краіне мы жывём і ў мяне гэта атрымалася. Існуе стэрэатып, што ўсе беларусы нейкія аморфныя. Што мы думаем толькі пра тое, як напхаць свой страўнік, або вырасціць больш агуркоў ці бульбы на лецішчы. Але гэта не так. Я хацеў паказаць, што не хачу жыць у несвабоднай краіне, у недэмакратычнай краіне, і мне за гэта не сорамна», – дадае Мікалай Салянік.

Бліжэйшым часам актывіст збіраецца пісаць скаргі ў справе збіцця міліцыяй падчас затрымання, нядбалага стаўлення да яго ў шпіталі, а таксама наконт зніклых грошай і асабістых рэчаў.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў