Траянскі тормаз «Газпрому». Газавы наступ на Грэцыю


Ударыць газам па адзінству Еўразвязу. Дзейнічаць на апярэджанне. Прабіць вакно ў паўднёвую Еўропу для «Турэцкай плыні» – новага пражэкту Крамля. Зачапіцца за грэцкі паўвостраў і пашырыць плацдарм. З гэтым ляцеў у Афіны кіраўнік «Газпрому» Аляксей Мілер. Ягонае спатканне з прэм’ер-міністрам Грэцыі Алексісам Цыпрасам рыхтавалі ў таямніцы і вельмі аператыўна.

Расейцы спяшаліся, каб апярэдзіць Еўрапейскую камісію, якая сёння абвесціць суму штрафу для расейскага канцэрну за завышэнне цэнаў на газ для 8 еўрапейскіх дзяржаваў. Паводле самых асцярожных прагнозаў ён складзе ад 2 да 3, 8 млрд. долараў.

3-5 млрд. долараў за транзіт газу па неіснуючым газаправодзе

Некалькі дзён таму нямецкі часопіс Der Spiegiel спасылаючыся на ананімную крыніцу ў кіруючай грэцкай партыі «Сірыза» напісаў пра планы падпісаць дамову паміж Масквой і Афінамі. Называлася сума ад 3 да 5 млрд. еўра для Афінаў за транзіт газу па неіснуючым яшчэ газаправодзе. Прэс-сакратар Пуціна – Пескаў інфармацыю пра аванс высмеяў.

За некалькі тыдняў да візіту Аляксея Мілера ў Афіны, кіраўнік афінскага ўраду наведаў Крэмль. Гаспадар Крамлю абяцаў госцю «сотні мільёнаў еўра штогод». Вынікаў спаткання не агучвалі. Каментатары заявілі, што афінскі лідар пакінуў Маскву з пустымі рукамі. Паспяшаліся.

Аляксей Мілер вярнуўся з канкрэтыкай. Агучыў кошт грэцкай часткі газаправоду – 2 млрд. долараў і пацвердзіў згоду Афінаў на распрацоўку расейцамі грэцкага шэльфу. Мы надалей не ведаем адказу на пытанне якое інтрыгавала апошнімі днямі – ці Афіны атрымаюць аванс за будучы транзіт газу ў абыход Украіны?

У сярэдзіне красавіка міністр эканомікі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што «Газпром» не працягне кантракту з Украінай на транзіт газу ад 2019 г.

Транзіт: моцная зброя Украіны

«Украіна з’яўляецца праблемай для Расеі бо ў 2019 г. скончваюцца кантракты на транзіт газу і тады Украіна будзе мець вельмі моцную зброю супраць Расеі. Яна можа выгандляваць новыя, вельмі добрыя ўмовы транзіту газу і Расея хоча гэтага пазбегнуць. Таму яна хоча паспець гэтую колькасць газу якую адпраўляе праз Украіну, даслаць у Еўропу іншымі шляхамі. Расея хоча прадаваць газ і хоча абмінуць Украіну», – гаворыць Анджэй Шчэньсняк, эксперт у галіне энергетычнай бяспекі, былы прэзідэнт кампаніі LOTOS Partner.

Таксама, як яна абмінула прыбалтыйскія дзяржавы і Беларусь з дапамогаю «Паўночнай плыні». Папярэдні праект газаправоду па дне Чорнага мора ў Балгарыю – «Паўднёвая плынь» заблакавала Еўрапейская камісія, бо ён не адпавядаў еўрапейскаму праву. У Маскве памянялі назву на «Турэцкая плынь», крыху змянілі маршрут. Плануюць, што гэты газаправод будзе здольны на пачатку, праз першую нітку даслаць 15, 75 млрд. кубаметраў у год. Пазней, праз чатыры ніткі, 63 млрд. кубаметраў. Акрамя касметычных зменаў ёсць важнае адрозненне – газ прымуць не ў дзяржаве Еўразвязу а ў Турцыі. Каб абыйсці еўрапейскія нормы. Грэцыя будзе наступным пунктам.

«З юрыдычнага пункту гледжання «Турэцкая плынь» нічым не адрозніваецца ад «Паўднёвай плыні», бо калі б газ трапіў бы на тэрыторыю Балгарыі, то падлягаў бы энергетычнаму заканадаўству Еўразвязу. А гэта права простае – той хто пастаўляе газ не можа быць адначасова ўладальнікам трубы а дадаткова да гэтай трубы мусяць атрымаць доступ іншыя контрагенты. Газпром не можа быць манапалістам», – кажа Пётр Мацёнжэк, старэйшы рэдактар парталу Defence24.pl

Якім ён з’яўляецца сёння. Большасць газу на Балканы пастаўляе Расея праз Украіну. Гэты канал цяпер пад пагрозай. Паводле прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцэнюка «Газпром» у выніку канфлікту ва Украіне ўжо страціў 3,4 млрд. долараў.

Сёмага красавіка ў Будапешце адбыўся саміт міністраў замежных справаў Венгрыі, Грэцыі, Сербіі, Македоніі і Турцыі. Пяцёрка вырашыла праверыць усе магчымасці дыверсіфікацыі паставак газу. Альтэрнатывы дзве – Азербайджан, а ў перспектыве іншыя дзяржавы вакол Каспійскага мора, а таксама звадкаваны газ марскім шляхам.

Анджэй Шчэньсняк: «Не ўвесь газ які Расея можа даслаць у гэтым кірунку – можа быць там прыняты. Турцыя возьме свае 12 мільярдаў. Пазней крыху болей. Але паўднёвая Еўропа, да якой дойдзе «Турэцкая плынь», гэта маленькія дзяржавы. Напрыклад Беларусь спажывае каля 20 мільярдаў кубаметраў газу ў год, у Польшчы 16 а ў Балгарыі толькі 3 мільярды кубаметраў».

Газпром хоча дамінаваць на Балканах

[vc_single_image image=”3″ img_size=”large”]

Грэцыя таксама спажывае мала газу, як і Балгарыя – каля 3 млрд кубаметраў, і 60% з яго – расейскае паліва. Мэта Расеі не ў Грэцыі а ў захаванні манаполіі ў гэтым рэгіёне. А прынамсі – дамінуючай пазіцыі.

Пётр Мацёнжэк: «усе гэтыя праекты – Энергетычны звяз, спробы атрымання звадкаванага газу з Захаду ці «Паўднёвы газавы калідор» па якім паплыве азербайджанскі газ – гэта ўсё праекты на перспектыву а газ Еўразвязу патрэбны тут і цяпер. Расейцы, якія дэманстрацыйна адмовіліся ад «Паўднёвай плыні» кажуць – калі Еўразвяз не хоча з намі супрацоўнічаць то мы можам закруціць краны».

Затрымаць канкурэнцыю

Канкурэнты Расеі хочуць адкрыць свае краны. 17 сакавіка Азербайджан, Грузія і Турцыя запусцілі ўласны праект «Паўднёвы Газавы калідор» (ПГК), які даставіць газ у Еўразвяз праз пяць гадоў. Амаль адначасова з «Турэцкай плынню». ПГК у адрозненне ад расейскага газаправоду ўжо пачалі будаваць, але ёсць і мінус – ягоныя магчымасці меншыя. На пачатку ён будзе пастаўляць 16 млрд. кубаметраў газу ў год а ў будучыні да 31 мільярда. У Турцыі і балканскіх дзяржаваў будзе выбар. А значыць Маскве трэба гэта праект затрымаць. Менавіта ў гэтым можа быць роля Грэцыі – «траянскі конь» ці хутчэй «траянскі тормаз».

«Найвялікшай пагрозай для ПГК, часткай якога будзе «Трансадрыятычны газаправод» на тэрыторыі Грэцыі, Албаніі ды Італіі ёсць партыя Сірыза якая прыйшла да ўлады ў Грэцыі. Гэта партыя сімпатызуе Уладзіміру Пуціну. Яна пачала свае інтрыгі якія могуць скончыцца тым што праект будзе спазняцца. Грэкі ўжо цяпер кажуць што хочуць большых аплатаў за транзіт а таксама, што ім трэба крыху перанесці ў часе пабудову газаправоду калі будуць экалагічныя пратэсты», – падкрэслівае Пётр Мацёнжэк.

Падобная сітуацыя была некалькі гадоў раней. Тады Расея выйграла. Збудавалі газаправод «Блакітная плынь» у Турцыю – а міжнародны кансорцыум у 2013 г. адмовіўся ад папярэдніка ПГК – праекту «Набукко».

Праекту ПГК могуць пагражаць і замарожаныя канфлікты на Каўказе – адарваныя ад Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асеція ды Нагорны Карабах. Баі на лініі сутыкнення з азербайджанцаў з армянамі адбываюцца ўсё часцей.

Пётр Мацёнжэк: «Расея, улічваючы тое што цяпер адбываецца ва Украіне можа ўсё зрабіць, я нагадаю, што паміж газаправодам і нафтаправодам няма вялікай розніцы што датычна энергетычнай бяспекі а паводле найноўшых звестак нафтаправод «Баку-Тбілісі-Джэйхан», які акурат знаходзіцца на Каўказе паміж Азербайджанам і Турцыяй, падчас расейска-грузінскай вайны (рэд. У 2008 г.) узарвалі расейцы. Тэарэтычна такая сітуацыя можа паўтарыцца і з газаправодам».

Але гэта скрайнасць. На яе можна пайсці калі з дапамогаю грэкаў не ўдасца затрымаць ПГК.

«Турцыя вельмі рашуча настроеная. У іх расце спажыванне газу. Анкара ведае, што калі яна будзе пасярэднікам паміж Расеяй і Еўропай то з гэтага яна атрымае сурёзныя палітычныя дывідэнды», – мяркуе Анджэй Шчэньсняк:

Турцыя выйграе ў любым выпадку. Але што рабіць Еўразвязу? Самым арыгінальным выйсцем з гэтай сітуацыі можа быць прыняцце Турцыі. У гэтай дзяржаве пачнуць дзейнічаць еўрапейскія энергетычныя нормы. Анкара – рэкардсменка ў чаканні на Еўропу. Турцыя кандыдат з тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят трэцяга году. Але туркаў не прымуць, пакуль яны не прызнаюць генацыд армянаў, сотую гадавіну якой адзначаюць 24 красавіка і грэкаў а таксама іншую дзяржаву Еўразвязу – Кіпр, частку тэрыторыі якой яны акупавалі. А значыць Масква будзе і надалей гуляць на ўтрыманне манаполіі і працягваць пужаць Еўразвяз закручваннем крану.

Сяргей Пеляса, рэдактар міжнароднай праграмы «Прасвет»

у артыкуле выкарыстаныя матэрыялы «Прасвету»

Стужка навінаў