«Траціна прадпрыемстваў у прамысловасці стратная – гэта шалёная лічба»


Надзвычайную сітуацыю ў беларускай эканоміцы «Белсат» абмеркаваў з эканамічным экспертам Андрэем Елісеевым.

– Спадар Андрэй, у Беларусі ў хуткім тэмпе пачалі знікаць цэлыя сектары прамысловасці, прычым, менавіта тыя, якія «грымелі» на ўсю краіну і нават за яе межамі. Яскравы прыклад – вытворчасць тэлевізараў на заводах «Гарызонт» ды «Віцязь». Што пайшло не так, і які лёс чакае гэтыя заводы?

– Лёс гэтых заводаў вырашаны. Параўнайце самі: тры гады таму ў Беларусі зрабілі каля 600 тыс. тэлевізараў, летась толькі каля 20 тыс. Мы бачым, што вытворчасць за тры гады зменшылася ў 30 разоў і гэтыя заводы актыўна спрабуюць перанакіравацца на вытворчасць іншых тавараў, бо з тэлевізарамі ўсё наканавана на няўдачу. Асноўная праблема – гэта сацыяльна-эканамічная мадэль, якой прытрымліваюцца ўлады Беларусі ўжо 20 гадоў. Проста дзяржаўныя прадпрыемствы з нізкай якасцю менеджменту не ў стане вытрымліваць канкурэнцыю з заходнімі больш хуткімі, інавацыйнымі канкурэнтамі. Пытанне стаяла толькі, калі ўжо нарэшце пачнецца такі крызіс з рознымі сектарамі прамысловасці. Вось гэты час надышоў збольшага пад уплывам эканамічнага крызісу ў Расеі, бо львіная доля прамысловых тавараў ідзе менавіта туды.

– Катастрафічна скарачаецца і вытворчасць экспартнай прадукцыі. З аўтамабіляў прастойвае 80 % магутнасцяў, па падшыпніках – усе 90 %. Што сёння перашкаджае вытворцам гэтай прадукцыі знаходзіць свайго пакупніка?

– Праблема ў тым, што праз эканамічны крызіс Расея, куды прадавалі гэтыя ды іншыя прамысловыя тавары, цяпер не гатовая столькі купляць. Па-другое, Расея, увайшоўшы ў Сусветную гандлёвую арганізацыю зменшыла імпартныя стаўкі на шэраг тавараў, у тым ліку і на грузавыя аўтамабілі. Таму беларускім таварам усё цяжэй канкураваць з заходняй прадукцыяй на расейскім рынку і нават ужо на сваім уласным.

– Цяпер трагічны лёс складаецца ў цэлых галінах беларускай прамысловасці, прынамсі, церпяць гіганты дрэваапрацоўчай ды цэментна-шыфернай галіны. Здзіўляе тое, што гэта адбываецца менавіта пасля мадэрнізацыі заводаў, у якія ўкладаліся мільёны долараў. Чаму так адбываецца?

– Улады спрабуюць вырашыць праблемы на нізкім узроўні. Трэба мяняць усю эканамічную мадэль, а не закопваць грошы ў мадэрнізацыю абсталявання пры дэфіцыце добрых бізнес-планаў. Гаворка вядзецца пра прыватызацыю арганізацыяў, пра тое, каб бюджэтныя рэсурсы не ішлі на бясконцае падтрыманне неэфектыўных арганізацыяў. Цяпер, паводле афіцыйных звестак, траціна прадпрыемстваў у прамысловасці стратная. Гэта шалёная лічба.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu. Фота asutpp.ru

Стужка навінаў