Трасцянец і Курапаты. Паліткарэктныя кветкі і непаліткарэктныя крыжы

Дэлегацыі Беларусі, Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы і Чэхіі ўшанавалі ахвяраў канцлагеру «Трасцянец». У гэтыя ж дні міліцыя пачала пераслед абаронцаў іншага мемарыялу на месцы масавага знішчэння людзей – у Курапатах.

Розніца толькі ў тым, што ў адным месцы забівалі нацысты, у іншым – камуністы.

Афіцыйная памяць і афіцыйная амнезія

Канцлагер «Малы Трасцянец» лічыцца буйнейшым лагерам смерці ў Беларусі. Тут мэтанакіравана знішчалі пераважна асобаў жыдоўскага паходжання з Польшчы, Аўстрыі, Нямеччыны, Чэхаславаччыны, а таксама падазраваных у супрацы з антынямецкімі падпольнымі групамі і партызанамі.

Таксама ад вельмі цяжкіх умоў і хваробаў тысячамі гінулі ў лагеры мірныя жыхары, якіх зганялі сюды з «раёнаў забруджаных партызанамі», каб пазбавіць партызанаў магчымасці забіраць у сялян прадукты і вопратку.

«Правільная памяць» яшчэ савецкага ўзору. Забітыя жыды не згадваюцца. Фота wikipedia.org

Мемарыял прысвечаны менавіта ахвярам нацысцкага генацыду і тэрору.

Аднак тут маглі знішчаць людзей яшчэ камуністычныя каты, лічыць кандыдат гістарычных навук Ігар Кузняцоў. Прыкладна 15 тысяч расстраляных савецкімі акупантамі могуць ляжаць ва ўрочышчы Благаўшчына, дзе потым забівалі і нацысты.

Тут людзі стыхійна ставілі памятныя знакі ў гонар забітых камуністамі, аднак перад візітам высокіх замежных гасцей крыжы былі знятыя і вывезеныя ўладамі. Памяць пра гэтых ахвяраў уладам, якія дагэтуль як мінімум вонкава шануюць СССР і чэкістаў, непатрэбная.

Памяць не для ўсіх

Больш за тое, зніклі пастаўленыя насельніцтвам крыжы нават у памяць ахвяр нацыстаў. Афіцыйная «памяць» павінна быць аднастайнай і стэрыльнай, ніякай стыхійнасці – а то раптам народ стыхійна згадае ня тых, каго трэба.

Комплекс у Трасцянцы. Фота Ірына Арахоўская

На каталіцкім фэсце ў Будславе такой сітуацыяй гучна абурыўся вышэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі – арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У сваёй прамове перад тысячамі пілігрымаў з усіх куткоў нашай краіны ён распавёў, што крыжы, якія былі пастаўленыя ў Трасцянцы, зніклі.

Сярод гэтых крыжоў быў адзін пастаўлены ў памяць ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага – палымянага беларускага патрыёта і антыкамуніста, расстралянага нацыстамі ў канцы 1942 года за крытыку іхнай палітыкі ў Беларусі. Зараз уратаваны крыж знаходзіцца ў менскім касцёле на Залатой Горцы, сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Такім чынам і сярод забітых нацыстамі ў Трасцянцы для ўладаў знайшліся «нязручныя ахвяры».

Змаганне за Курапаты

У Курапатах, па дадзеных беларускай пракуратуры, ляжаць тысячы нашых суайчыннікаў, якія былі забітыя ў 1930-я гады камуністычнымі акупантамі Беларусі. У апошнія дні чэрвеня, відаць, у рамках праграмы па «упарадкаванні» Менску і наваколля, пачалося паляванне на актывістаў, якія выступаюць супраць рэстарацыі на касцях – пабудаванага з парушэннем ахоўнай зоны Курапат кабака «Поедем поедим».

Гэтак затрымалі Змітра Дашкевіча, які вёз усталёўваць на месца сталінскіх расстрэлаў уласнаручна вырабленыя крыжы. Аддзел барацьбы з эканамічнымі злачынствамі пачаў праверку ягонай фірмы.

Целы забітых камуністамі ў савецкіх турмах. Забітыя нацыстамі выглядалі такім жа самым чынам. Аднак… Фота wikipedia.org

Супраць актывістаў, якія блакуюць рэстаран, што адчыніўся ля месца масавага забойства, міліцыя склала ўжо дзясяткі пратаколаў. Быў арыштаваны на 10 сутак Павал Севярынец, сустаршыня незарэгістраванай партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Абаронцы Курапатаў запрашалі наведаць месца камуністычных забойстваў усе дэлегацыі, якія збіраліся наведаць Трасцянец. Аднак толькі адна дэлегацыя – польская – наведала і Трасцянец, і Курапаты.

На акцыі ў памяць 30-годдзя адкрыцця праўды пра савецкія злачынствы ў Курапатах. Фота Ірына Арахоўская

«Каты, якіх замбавала і якімі кіравала антыгуманная нацысцкая ідэя, знішчалі ўсіх, хто не адпавядаў іх вычварэнскаму ўяўленню пра парадак і сусветны лад… Неймаверна змірыцца з тым, што такое адбывалася на беларускай зямлі», – сказаў падчас адкрыцця мемарыяла ў Трасцянцы Аляксандр Лукашэнка.

Відавочна, і ўплывовыя колы ў беларускіх уладах, і некаторыя іхныя замежныя госці гатовыя мірыцца з тым, калі беларусаў забіваюць пад чырвоным сцягам з сярпом і молатам.

Серп і молат – гэта ж не свастыка. Усё паліткарэктна?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў