«Трасцянец для жывёлы». У Менску пікетавалі Белдзяржцырк


17 красавіка напярэдадні цыркавога прадстаўлення актывісты руху «Экалагічны пошуг» і «Кошт жыцця» агітавалі байкатаваць шоў з удзелам жывёлаў.

«Гэтыя людзі мяркуюць, што жывёлінам тут дрэнна і яны мусяць жыць на прыродзе, таму яны напісалі такія плакаты», – распавядае маладая жынчына свайму сыну каля ўваходу ў цырк. «Галоўнае, каб гэта не шкодзіла іншым», – адказвае яна на пытанне belsat.eu пра стаўленне да зместу расцяжак пратэстоўцаў.

«Гэтыя людзі проста хочуць звярнуць на сябе ўвагу», – упэўнены мужчына, які прыйшоў у цырк з дачкою. – «З жывёлінамі тут усё ў парадку, гэта я вам як ветэрынар кажу».

Пікет доўжыўся каля 20 хвілінаў. Неўзабаве да актывістаў «Экалагічнага пошугу» падышоў ахоўнік цырку. На месцы таксама аказаліся і людзі ў штацкім з відэакамерамі. Да некаторых удзельнікаў пікетаў яны звярталіся па імёнах. Праз некаторы час прыехала машына міліцыі, але пратэстоўцы паспелі разысціся.

Як патлумачыў belsat.eu адзін з арганізатараў пікету, такім чынам яны падтрымалі альтэрнатыўны Міжнародны дзень цырка, або гэтак званы Дзень без гвалту ў цырках. У гэты дзень экаактывісты і веганы ў розных краінах свету пратэстуюць супраць эксплуатацыі жывёлаў.

«Нам кажуць, што нібыта гэта смешна. Аднак цырк ненатуральны для жывёлы. Мы глядзім на гэта з пункту гледжання глыбіннай экалогіі: любая жывая істота мае вартасць сама па сабе, а не паводле ўзроўню карысці для чалавека. Для драпежнікаў неўласціва выступаць у цырку, ім страшна скакаць праз агонь, для жывёлы гэта пакута», – гаворыць малады чалавек.

Актывіст патлумачыў, што «Экалагічны пошуг» не спрабаваў наладзіць кантактаў з адміністрацыяй цырку і на словах пераканаць ягонае кіраўніцтва адмовіцца ад нумароў з жывёлаю, бо лічыць больш дзейснымі неардынардныя метады змагання.

«Наш метад – шокавая тэрапія. Чалавек пабачыў – як мінімум задаўся пытаннем «хто гэта?», «чаму яны тут стаяць?». Цяпер да нас падышла жанчына і абсалютна шчыра сказала: «У нас свята, а вы перашкаджаеце! Што вы робіце?». У іх разуменні мы вар’яты. Але з сотні людзей, што прайшлі сёння побач з нашымі банерамі, магчыма, хоць нехта задумаецца».

Гэта не першая акцыя менскіх экаактывістаў у Менску. Раней яны пікетавалі кантактны заапарк, дэльфінарый ды мясныя рады на Камароўскім рынку. Акцыя на Камароўскім рынку скончылася для аднаго з яго ўдзельнікаў пратаколам.

Чытайце таксама >>> На актывіста склалі пратакол за пікет супраць мяса

«Каля дэльфінарыю нашай акцыяй зацікавіліся маладая пара і сям’я з дзіцём. Мы паразмаўлялі, далі ім улёткі. Яны перадумалі ісці на шоу з дэльфінамі», – падсумаваў поспехі экаактывіст.

ХМ, belsat.eu

Стужка навінаў