Траса з Менску да Слуцка стане платнай


У лістападзе адчыняць пашыраны ўчастак дарогі Менск–Мікашэвічы.

26 кастрычніка старшыня Галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацыяў Аляксандр Галаўнёў заявіў, што ўчастак дарогі Р23 рэканструяваны паводле параметраў першай катэгорыі.

«Спадзяемся на зваротны падарунак аўтамабілістаў – беражлівыя адносіны да дарог», – цытуюць Галаўнёва «Беларускія навіны».

Рэканструкцыя аўтатрасы Менск – Мікашэвічы пачалася летам 2012 года, працы некалькі разоў прыпыняліся праз нястачу грошай. У апошні раз рэканструкцыю замарозілі ў канцы 2015 года, а сёлета ў траўні – зноўку аднавілі.

Галоўная змена пасля рэканструкцыі – участак увойдзе ў лік платных дарогаў. Плаціць у межах сістэмы «BelToll» будуць цяжкавікі і аўтамабілі, зарэгістраваныя па-за Мытным саюзам (то бок, у тым ліку і ўкраінцы).

Электронная сістэма «BelToll» была распрацаваная пры ўдзеле Аўстрыі, і распачала дзейнасць 1 жніўня 2013 года. З таго часу працягласць платных дарог паслядоўна пашыраецца, і неўзабаве дасягне паўтары тысячы кіламетраў.

ДД

Стужка навінаў