Трапіць у турму Асадаўскай бяспекі і вярнуцца. Інтэрв’ю з Вітальдам Рэпетовічам


Ён трапіў у Сірыю, а потым у турму. Як удалося выйсці з-за кратаў асадаўскай бяспекі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з польскім журналістам Вітальдам Рэпетовічам у «Прасвеце».

Як так здарылася, што Вы аказаліся ў турме ў Сірыі?

Мы паехалі ў Паўночную Сірыю, на тэрыторыю, што кантралююць сірыйскія курды, «Cірыйскія дэмакратычныя сілы», каб зняць там матэрыял пра гуманітарную сітуацыю, пра знішчаныя гарады, пра тое, як вяртаюцца ўцекачы на гэтую тэрыторыю. І, на жаль, на тэрыторыі Паўночнай Сірыі, дзе ўся тэрыторыя кантралюецца «Сірыйскімі дэмакратычнымі сіламі», у горадзе Камішлі ёсць урадавы анклаў, да якога мы занадта блізка падышлі, і нас затрымалі.

Вітальд Рэпетовіч з шэйхам Абу Караа аль Джыбуры, лідарам племені Джбуры у Наджафе, Ірак

То бок у сталіцы гэтага курдскага рэгіёну Ражава ёсць анклаў, што кантралююць сілы Асада?

Камішлі – гэта найбуйнейшы горад, і ў ім ёсць анклаў, кантраляваны Асадам, і таму сталіца Ражавы – найбліжэйшы горад Амуда. Камішлі – гэта не сталіца, там няма сядзібы курдскіх, дэмакратычных уладаў Паўночнай Сірыі. Гэта звязанае з тым, што ў Камішлі размяшчаецца аэрапорт, і закрыты галоўны памежны пераход з Турцыяй. Калі б там не было ўрадавых сілаў, то, па-першае, магла бы быць агрэсія Турцыі. А гэты аэрапорт важны для камунікацыі з вонкавым светам. Ражава, Сірыйскі Курдыстан, блакуецца Турцыяй вельмі моцна.

Вы з калегам здымалі рэпартаж для Польскага тэлебачання, і вас затрымалі. Што адбывалася далей?

Нас затрымалі і трымалі ў Камішлі тры дні. Потым нас вывезлі на аэрадром і перавезлі самалётам у Дамаск, у «Мухабарат» – сірыйскую бяспеку. Пазней правялі судовую працэдуру. Абвінавачанне, якое нам выставілі: нелегальнае мінанне мяжы. Мы апынуліся ў турме Адра, за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад Дамаску. Пазней, калі скончылася судовая працэдура, на дзевятнаццаты дзень нас зноў прывезлі ў «Мухабарат». Тут пачалася самая незразумелая і непрыемная частка: цягам васямнаццаці дзён мы былі цалкам адрэзаныя ад інфармацыі. Мы не ведалі, што адбываецца, мы сядзелі ў сутарэнні.

Вітальд Рэпетовіч з генералам Талібам Шагаці Канары, галоўнакамандуючым Сілаў Спецыяльных Аперацыяў Іраку, г. Масул, Ірак. 8 траўня 2017 г.

А як з вамі абыходзіліся?

Не магу сказаць, што з намі абыходзіліся кепска. Натуральна, сядзенне ў сірыйскай турме не належыць да чагосьці прыемнага, асабліва калі гаворка ідзе пра камеры бяспекі сірыйскага «Мухабарату». Але ні разу не парушылі нашай фізічнай недатыкальнасці, не кажучы ўжо пра нейкія катаванні – нас не білі і не запужвалі. Апроч такіх стандартных працэдураў тыпу завязвання вачэй ці звязвання рук, не было запужвання нас. Два разы толькі на нас павысілі голас.

У мяне такое ўражанне, што рэжым Асаду – адзін з найбольш цвёрдых рэжымаў. Гэта адзіны рэжым, які падчас «Арабскай вясны» моцна ўтрымаўся і змагаецца да сёння. Як удалося вырвацца з-за асадаўскіх кратаў? Бо Вы былі замежным журналістам, так?

Сірыя не ўспрымае Польшчу як варожую дзяржаву. Вядома, не ўспрымае і як дзяржаву бліжэйшую да сябе: такія дзяржавы – гэта Расея ды Іран. Нягледзячы на гэта, Польшчу не ўспрымаюць як ворага. Сірыі не была патрэбная моцная сутычка з польскаю дыпламатыяй. Апроч таго, дзеяла і іракская, і польская дыпламатыя.

Я працаваў у Іраку, на фронце супраць «Ісламскай Дзяржавы», дзе завязаў некалькі знаёмстваў. Гэтыя кантакты прынеслі тое, што іракцы таксама далучыліся ў дзеянні на карысць майго вызвалення з турмы. Таму думаю, як я і сказаў, што Сірыя не хацела праблемаў, і гэта было бачна праз гэтую недатыкальнасць. Вельмі хутка выдалі інструкцыю, каб нас не чапаць, і да нас ставіліся з павагаю.

Ці гэтая прыгода Вас напужала, ці Вы вернецеся ў Сірыю?

Вядома, мяне гэта не напужала, для мяне гэта пытанне прафесіяналізму. Я вярнуся ў Сірыю, вярнуся ў Ірак, вярнуся на розныя франты. Я хачу падкрэсліць, што журналіст мусіць шукаць такія магчымасці рэалізацыі матэрыялаў, якія ёсць. І калі была б магчымасць паехаць у Камішлі афіцыйна, натуральна, я б паехаў афіцыйным шляхам. Але калі такіх магчымасцяў няма, я выбраў такі шлях, які быў. І гэта нармальна ў працы журналіста.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою 19 студзеня 2018 г.

Таксама ў праграме:

 

Стужка навінаў