Улады Берасця не ведаюць, як выдаткуюцца сродкі ад «транспартнага падатку»


Гарвыканкам не адказаў на ніводнае пытанне калектыўнага звароту з патрабаваннем празрыстасці выдаткоўвання грошаў гараджанаў.

Калектыўны зварот, які падтрымалі больш за 500 гараджанаў, старшыня Берасцейская абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі скіраваў у гарвыканкам і Савет дэпутатаў на пачатку снежня ў межах кампаніі «За наш горад».

Патрабаванні берасцейцаў да ўладаў

  1. Пазначыць суму грашовых сродкаў, якія паступілі ад «транспартнага падатку» у 2014, 2015, 2016 гадах у бюджэт гораду. Пазначыць агульную суму грашовых сродкаў, выдаткаваных на рамонт дарог у Берасці ў 2014, 2015 і 2016 гадах.
  2. Пералічыць усе віды працаў па будаўніцтву і рамонту дарожнага пакрыцця ў горадзе, якія выкананыя за кошт сродкаў «транспартнага падатку» і іншых крыніцаў.
  3. Пералічыць асноўныя запланаваныя мерапрыемствы па рамонце (рэканструкцыі) дарожнага пакрыцця на 2017 год.
  4. Размяшчаць інфармацыю пра паступленне і мэтавым выдаткоўванні сродкаў «транспартнага падатку» раз у квартал на старонцы Берасцейскага гарвыканкаму і ўва рэгіянальных медыях.

Пашукавік «Эталон»

У лісце, які Маслоўскі атрымаў учора, улады замест усебаковага, поўнага і абʼектыўнага адказу на прапановы пішуць, што на сайце і газетах пастаянна публікуюцца матэрыялы аб працы па добраўпарадкаванні і будаўніцтву. Чыноўнікі спасылаюцца на магчымасць атрымання інфармацыі праз інфармацыйна-пошукавую сістэму «Эталон», а таксама падчас пасяджэнняў сесіі гарадскога Савету дэпутатаў па прыняцці бюджэту. Свой адказ мясцовыя ўлады матывуюць тым, што ўсе сродкі за выплату «транспартнага падатку» паступаюць у рэспубліканскі бюджэт.

«Магу пэўна адказаць, што на сесіі Савету было агучана ўсяго пару агульных лічбаў бюджэту, кажа Ігар Маслоўскі. – Нічога канкрэтна, асабліва ў частцы нашых зададзеных пытанняў, агучана на сесіі не было. Таму дзіўна чуць такія «аргументы» ад дзяржаўнага органа».

Маслоўскі кажа, што мае намер скіраваць у хуткім часе прапановы ў гарадскі Савет дэпутатам з вынясеннем дадзенага пытання асобна на сесію гарадскога Савету, а таксама ўсім дэпутатам ППНС ад Берасцейскай вобласці.

Што не так

Беларусы плацяць спагнанне за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху – так званы «транспартны падатак». Юрыдычна такое становішча было аформлена законам «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання» ад 31 снежня 2013 года. У сувязі з гэтым у краіне зʼявіўся новы абʼект абкладання спагнаннем. Адпаведныя змены былі ўнесены ў артыкул 249 Падатковага кодэкса.

Паводле ўладаў, мэта новаўвядзення – фінансаванне будаўніцтва новых і рамонту існуючых дарог. Палова сумы ад дзяржспагнанняў паступаюць у рэспубліканскі бюджэт, палова – у мясцовыя бюджэты.

Але на практыцы прасачыць, як выдаткоўваюцца іхныя грошы, падаткаплатнікі не могуць.

АЛ

Стужка навінаў