Транспартавы крызіс і гора расейскіх дальнабойнікаў. Рэпартаж «Белсату» з мяжы


Расейскія фуры, якія не хочуць бачыць ва Украіне, трапяць у Нямеччыну… праз мора.

Часова адмяніць узаемную забарону на транзіт цяжкавікоў дамовіліся расейскі ды польскі бакі падчас чарговай сустрэчы. Паездкі дазволілі да 15 красавіка.
Цяпер жа большая частка грузавікоў перапраўляецца праз Балтыйскае мора – з літоўскай Клайпеды ў нямецкі Кіль. У пачатку месяца ў Клайпедзе было каля 300 фураў, цяпер колькасць зменшылася, бо запрацаваў дадатковы паром.

«Цяпер у нас у тэрмінале знаходзяцца 150-160 фураў. І мы думаем, што да 24 лютага мы іх накіруем у Нямеччыну», – кажа Вайдас Клумбіс, прэс-сакратар кампаніі «DFDS Seaways», якая ладзіць паромную пераправу з Клайпеды.

Ехаць жа праз тэрыторыю Украіны расейскія перавознікі не рызыкуюць, і прычыны зразумелыя.

«Украіна не пусціла, арыштавалі машыну. 9 машынаў было ў закладніках. 5-6 машынаў ішлі першымі, а мы за ўкраінскімі кіроўцамі ішлі. Яны нас проста перакрывалі ў вёсках. Людзі выходзілі, кідалі вілы, лапаты», – кажа кіроўца.

Абмежаванні перавознікаў, якія сталі вынікам канфлікту паміж Расеяй ды Польшчаю з Украінай, адбіліся не толькі на лагістычных фірмах, але і на кіроўцах.

«Мы не на акладзе. Мы за свае грошы харчуемся. Што зарабілі? Праехалі 400 кіламетраў, зарабілі 40 еўраў? А колькі пакінулі на межах украінскіх, спалілі салярку – хто за гэта будзе плаціць? Ніхто!» – распавядае іншы кіроўца.

Наўрад ці выратуе сітуацыю і часовае аднаўленне руху перавознікаў праз Польшчу. З сённяшняга дня расейскія фуры могуць мінаць польскую мяжу, але калі не зрабіць ніякіх захадаў, праз два месяцы праблема паўстане ізноў.

Спрабуючы нібыта абараніць свой уласны рынак, Масква робіць грузаперавозкі з Еўропаю для сваіх жа перавознікаў значна даражэйшымі. Пытанне, ці сапраўды гаворка ідзе пра эканамічныя інтарэсы, ці чарговую, выключна палітычную вайну з Захадам?

Ганна Русінава

Стужка навінаў