За апошні год кожны пяты беларус даваў хабар


Гэтыя лічбы вынікаюць з даследавання Transparency International. Летась 20 % апытаных давалі хабар.

Часцей за ўсё беларусы сутыкаюцца з карупцыяй у медыцыне, адукацыі і праваахоўных органах.

snimok-ekrana-2016-11-16-v-19-23-55

 

Аналітыкі Transparency International апыталі амаль 60 тысяч чалавек у 42 краінах і зрабілі высновы на падставе пытанняў:

  1. Якія асноўныя праблемы стаяць перад вашай краінай?
  2. Як карумпаваныя розныя ўплывовыя групы ў вашай краіне?
  3. Наколькі добра ці дрэнна ваш урад змагаецца з карупцыяй?
  4. Ці багатыя людзі маюць вялікі ўплыў на ўрадавыя рашэнні?

Адзін з трох грамадзянаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі лічыць, што карупцыя або хабар з’яўляецца адной з самых важных праблем у іх краіне, паведамляе арганізацыя. У Беларусі гэтак лічаць толькі 14% апытаных. Астатнія ўказалі іншыя варыянты з прапанаванага спісу: эканамічнае становішча, беспрацоўе, злачыннасць, іміграцыю, ахову здароўя ды адукацыяю, адзначаецца ў дакладзе «Барометр сусветнай карупцыі».

22 % упэўненыя, што вышэйшыя органы ўлады карумпаваныя. 45 % нашых суайчыннікаў ацэньваюць барацьбу з карупцыяй неэфектыўнай.

Самую нізкую ацэнку сваёй дзяржаве ў барацьбе з карупцыяй і хабарніцтвам паставілі жыхары Украіны (86%), Малдовы (84%), Расеі (62 %).

«Ацэньваючы прычыны, па якіх людзі не паведамляюць пра карупцыю, 30 % апытаных сказалі, што гэта папросту небяспечна, 14% рэспандэнтаў думаюць, што карупцыю цяжка даказаць, 12 % упэўненыя, што паведамленне ні да чаго не прывядзе, 8 % не ведаюць, куды паведамляць, а 7 % баяцца прызнацца ў датычнасці да злачынстваў», – паведамляе Transparency International.

У лік самых карумпаваных краін у Еўропе і Цэнтральнай Азіі ўвайшлі Украіна, Расея, Малдова, Арменія, Боснія і Герцагавіна, Літва ды Сербія.

Арганізацыя лічыць, што паспрыяць вырашэнню праблемы карупцыі можа ўвядзенне на заканадаўчым узроўні паняцця лабісцкай дзейнасці, прыняцце мер для павелічэння празрыстасці і незалежнасці судовай сістэмы ад іншых галін улады.

ДР belsat.eu 

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары