Трамп расчараваны бяздзейнасцю Кітая пасля запуску балістычных ракет КНДР


Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што расчараваны бяздзейнасцю кітайскіх уладаў у сітуацыі вакол запуску ракеты КНДР.

«Я вельмі расчараваны ў Кітаі. Папярэднія дурныя лідары дазволілі яму зарабляць сотні мільёнаў долараў у год на гандлі, а ён не робіць для нас нічога ў сітуацыі з Паўночнай Карэяй, а толькі кажа», – напісаў Трамп у сваім Twitter.

ЗША не дазволяць, каб гэта працягвалася, бо Кітай «лёгка можа вырашыць гэту праблему», дадаў амерыканскі прэзідэнт.

Напярэдадні Паўночная Карэя здзейсніла другі за месяц запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты.

Паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын пазней заявіў, што новае ракетнае выпрабаванне даказвае, што ўся тэрыторыя ЗША знаходзіцца ў зоне паразы паўночнакарэйскіх ракет.

У суботу два амерыканскіх бамбавіка B-1 праляцелі над Карэйскім паўвостравам у суправаджэнні паўднёвакарэйскіх і японскіх самалётаў. Такім чынам вайсковыя прадэманстравалі «непарушную прыхільнасць ЗША сваім хаўруснікам», заявілі ў камандаванні ВПС ЗША па ціхаакіянскім рэгіёне.

Кітай тым часам асудзіў выпрабаванне ракет КНДР і заклікаў усе бакі да стрыманасці.

Расея і Кітай нясуць «унікальную і асаблівую адказнасць» за пагрозу для рэгіянальнай і глабальнай стабільнасці, бо зʼяўляюцца «галоўнымі крыніцамі эканамічнай падтрымкі ядзернай зброі Паўночнай Карэі і праграмы развіцця балістычных ракет», заявілі ў Дзярждэпартаменце ЗША.

Чарговае выпрабаванне ракеты стала сёлета ўжо 14-м. Запускі адбываюцца насуперак рэзалюцыям ААН.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў