Трамп дамовіцца з Пуціным коштам Украіны? Меркаванне экспертаў


Пра магчымую замежную палітыку Доналда Трампа ды ягоныя памылкі разважаюць у студыі «ПраСвету» амерыканскі журналіст, галоўны рэдактар «Geopolitical intelligence services» Дэйвід Маккўэйд i польскі палітолаг, намеснік дырэктара Цэнтру па аналізе палітыкі Цэнтральнай Еўропы Марцін Забароўскі.

Які палітык Доналд Трамп?

Аліна Коўшык: – Маё галоўнае пытанне: ці Доналд Трамп будзе прэзідэнтам усіх амерыканцаў? Бо сёння ўжо трываюць пратэсты, людзі кажуць, што гэта не іхны прэзідэнт.

Дэйвід Маккўэйд: – Натуральна, не. Ён не зможа быць прэзідэнтам усіх амерыканцаў, але ў маім жыцці я не памятаю, каб хтосьці быў такім прэзідэнтам. Нават нябожчыка Роналда Рэйгана ненавідзела частка народу, называла яго «дурнем» і «склеротыкам». Таму я не думаю, што гэта праблема. Канешне, калі б краіна была падзеленая ўвесь час напалову, то ту магла б быць дробная праблема, але мы далі б сабе з гэтым рады.

Аліна Коўшык: – Вельмі часта параўноўваюць Доналда Трампа з Роналдам Рэйганам. З кім яшчэ можна параўнаць Трампа з амерыканскіх прэзідэнтаў? Ці ён адзіны і абсалютна ўнікальны палітык у Амерыцы?

Марцін Забароўскі: – У першую Чаргу Доналд Трамп наагул не палітык. Гэта публічная асоба, бізнесовец, які захацеў стаць прэзідэнтам і дзеля гэтага яму была патрэбная палітыка. Ён меганетыповы, незвычайны і нават параўнанне з Рэйганам не зусім апраўданае. Рэйган усё ж быў палітыкам, які прысутнічаў у гэтай сферы цягам шматлікіх гадоў. Ён быў кандыдатам рэспубліканцам, бадай, тры разы, быў дасведчаным палітыкам. Можна па-рознаму ацэньваць ягоныя здольнасці, але нельга казаць, што ў яго не было досведу. У Доналда Трампа няма ніякага досведу ў палітыцы. Ён выкарыстоўвае палітыку дзеля дасягнення сваіх мэтаў.

Аліна Коўшык: – Некаторыя кажуць, што Трамп зусім не хацеў быць прэзідэнтам, а хацеў толькі ўзмацніць сваю марку.

Дэйвід Маккўэйд: – Цяжка сказаць. Я таксама чуў такія спекуляцыі, але з іншага боку мы ведаем шмат пра Доналда Трампа не як пра палітыка, а як пра публічную асобу. Ён выступае публічна цягам 50 гадоў. Мы ведаем яго з ягонай бізнес-дзейнасці ў Нью-Ёрку і гэтак далей. Доналд Трамп – нарцыс, ён вельмі любіць, калі ўвесь свет глядзіць на яго. Проста ён атрымаў найбольшую ўзнагароду. Мы ведаем, хто ён такі, што ён за чалавек, але мы не маем ніякага паняцця, які ён прэзідэнт.

Аліна Коўшык: – Ці ёсць яшчэ рэчы ў жыцці Трампа, якія могуць нас здзівіць?

Дэйвід Маккўэйд: – Напрыклад, кажуць пра яго, што ён мільярдэр і што ён ведае як зарабіць грошы. Але ён пяць ці шэсць разоў быў банкрутам – залежыць ад таго, як лічыць. І амаль што кожны інвестар, які ўклаў грошы ў фірмы Трампа, усё страціў. У тым ліку дастаўцы, якія працавалі на яго, таксама не атрымалі грошай, але аднак увесь час ён стварае аўру чалавека поспеху і з кожнай сітуацыі ён мог зрабіць для сябе карысці. Другая рэч, якую мала ведаюць: насамрэч ён атрымаў вялікія грошы ад свайго бацькі, які меў таксама цудоўныя кантакты з нью-ёркскімі палітыкамі. Такім чынам, ён змог купіць вельмі добрыя ўчасткі зямлі. Хтосьці палічыў, калі б Доналд Трамп, атрымліваючы грошы, інвеставаў бы іх у нейкі інвестыцыйны фонд, сёння ён быў бы значна больш багацейшы, чым пасля ўсёй сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці.

Аліна Коўшык: – Акрамя таго, Гілары Клінтан абвінавачваюць, што яна паходзіць з эліты. Але Трамп таксама паходзіць з эліты і мае сувязі з ліберальнай дэмакратыяй.

Марцін Забароўскі: – Да палітычнага істэблішменту ён цалкам не належыць. Ён фліртаваў з палітыкай, але больш як донар, як спонсар. І ў мінулым ён быў спонсарам дэмакратаў, у тым ліку і Клінтанаў. Ён купляў уплывы направа і налева, але як палітык не функцыянаваў. Я згодны з тым, што Дэйвід ужо сказаў, што прафесійныя фінансавыя колы зусім не перакананыя ў тым, што ў Трампа ёсць велізарныя грошы. Вельмі часта кажуць, што насамрэч гэта замкі на пяску, што ён не зарабіў вялікіх грошай.

Хто вінаваты, што Гілары Клінтан прайграла?

Аліна Коўшык: – Давайце вернемся да таго, хто найбольш прайграў на гэтых выбарах – да Гілары Клінтан. Як вы асабіста ацэньваеце, чаму Гілары прайграла?

Дэйвід Маккўэйд: – Я ўспрымаю гэта, як ейны заслужаны лёс, у тым сэнсе, што ідзе восьмы год палітычнага крызісу, нягледзячы на тое, што амерыканская эканоміка цяпер расце. Гэты эканамічны рост дапамагае толькі вузкай групе эліты, і Клінтан асацыюецца з гэтай палітычнай і фінансавай элітай. Тое, што мы назіралі, – гэта быў бунт і крык роспачы тых, хто лічыць, што іхных галасоў не чуюць, і што яны не мелі ніякай карысці, ніякіх плюсаў ад узросту эканомікі.

Аліна Коўшык: – Можа, яна прайграла таму, што была жанчынай? Бо кажуць, што калі б быў на ейным месцы мужчына-палітык, то ён меў бы большыя шанцы. Пра гэта Лукашэнка нават казаў.

Марцін Забароўскі: – Нельга цалкам ігнараваць гэтага факту досыць пэўнага сексізму ў гэтых выбарчых разліках. Ён заўсёды ёсць. Але такім самым чынам можна сказаць, што жанчыны неахвотна галасавалі за Трампа, які хваліўся сваймі рознымі сексуальнымі эксцэсамі ў мінулым. Гэта трошкі дзейнічае ў два бакі. Я думаю, што Гілары Клінтан прайграла не толькі таму, што яна кабета. Яна існуе ў палітыцы каля 30 гадоў. Яна асацыюецца з істэблішментам Дэмакратычнай партыі. Яна малапразрыстая, малаэмпатычная асоба. Яна цудоўна падрыхтаваная, але без харызмы. Ёй не ўдалося зачараваць ні лацінасаў, ні афраамерыканцаў.

Аліна Коўшык: – Кажуць, што быў нізкі ўзровень даверу да яе як да палітыка нават сярод ейных выбарцаў?

Марцін Забароўскі: – Так, менавіта так.

Аліна Коўшык: – Гілары Клінтан – ужо палітычнае мінулае для Амерыкі. Давайце паразмаўляем, што нас чакае ў будучыні: ці Доналд Трамп будзе такім жа прэзідэнтам, якім быў кандыдатам – шалёным, непрадказальным? Як вы гэта бачыце?

Марцін Забароўскі: – Мне здаецца, што гэта малаверагодна. Адна справа – гэта перыяд выбараў, іншая справа – сфера кіравання. Шмат кандыдатаў кажуць розныя рэчы падчас выбарчых кампаніяў. Давайце нагадаем, што Біл Клінтан быў праціўнікам выкарыстання нафты, а пасля быў асобай, якая ўводзіла дамову па нафце. Кандаліза Райс, якая нядаўна была ў Варшаве, казала, што адна з першых рэчаў, якая шакавала, негатыўна здзівіла Джоржа Буша ў Белым доме, – гэта тое, што ёсць велізарныя абмежаванні адносна рэалізацыі ўласных ідэяў. І Буш шмат разоў казаў, што, будучы губернатарам Тэхасу, ён меў большы ўплыў на рэалізацыю канкрэтных праектаў, чым будучы прэзідэнтам ЗША.

Ці Усходняя Еўропа мае баяцца Доналда Трампа?

Аліна Коўшык: – Ці наш рэгіён – Цэнтральная ды Усходняя Еўропа – мае баяцца прэзідэнта Трампа? Давайце паразмаўляем пра замежную палітыку.

Дэйвід Маккўэйд: – Ёсць некалькі момантаў. Па-першае, не факт, што Доналд Трамп слухае сваіх дарадцаў. Ён мае неабмежаваную веру ва ўласныя магчымасці. Звычайна прэзідэнты, якія занадта ўпэўненыя ў сабе, робяць памылкі на пачатку свайго кіравання. Напрыклад, такой памылкай магла б быць хуткая сустрэча Пуціна і Трампа. Тады Пуцін, як дасведчаны гулец, можа не адну пастку паставіць на Трампа. Вельмі верагодна, што ён трапіць у пасткі Пуціна. Другая рэч, Трамп мае вельмі простыя базавыя элементы праграмы, частку з якіх ён мусіць рэалізаваць. Гэта ўсё прывядзе да аднаго: ягоныя выбарцы будуць падазрона настаўленыя да свету. Ён хоча, каб Амерыка займалася сабой, а гэта значыць, што прысутнасць і гаранты бяспекі Злучаных Штатаў у гэтай частцы свету могуць быць крыху слабейшыя.

Аліна Коўшык: – Ці Доналд Трамп можа прызнаць Данбас і Крым ды аддаць Сірыю Расеі?

Марцін Забароўскі: – Сірыі ён дакладна не аддасць, бо Сірыя мае фундаментальнае значэнне для ўнутранай палітыкі ЗША. З гэтым звязаная пагроза тэрарызму, якая зʼяўляецца пагрозай № 1 у Злучаных Штатах, ужо не кажучы пра нафту і Блізкі Усход, пра пазіцыю Ізраілю, які для Трампа вельмі важны, нягледзячы на ўсё. Я думаю, што хутчэй мы можам казаць пра такую сітуацыю, калі Сірыя нашмат больш важная, чымся Усходняя Украіна.

Аліна Коўшык: – Так, дакладна, але гэта можа быць нейкая карта ў гульні.

Марцін Забароўскі: – Так, таму я думаю, што калі б дайшло да такіх разлікаў, я не думаю, што інтарэсы ЗША ва Усходняй Украіне пераважылі б інтарэсы ў Сірыі. Я думаю, што такога тыпу дамова можа быць прапанаваная Пуціным.

Аліна Коўшык: – То бок Пуцін можа абяцаць, што будзе мір у Сірыі, а патрабаваць прызнання за ім Данбасу і Крыму. І будзе мір.

Марцін Забароўскі: – Мы тут спекулюем. На маю думку, вялікага паразумення Трампа з Пуціным не атрымаецца. Практычна кожны амерыканскі прэзідэнт марыць пра такую дамову. Оўбама, калі прыйшоў да ўлады, увёў палітыку перазагрузкі з Расеяй. Тады адмянілі праекты супрацьракетнай абароны ў Польшчы і Чэхіі, быў замарожаны працэс па прыняцці ў НАТО Украіны і Грузіі. Мы памятаем, як антыпуцінская цяпер Гілары Клінтан, націскала ў Мюнхене кнопку перазагрузкі з Расеяй і ўсміхалася да Лаўрова. Папярэдняя адміністрацыя мела гэта. Можна спадзявацца, што Трамп зробіць тое самае. Але вельмі хутка ён пераканаецца, што Пуцін мае іншы падыход да бізнесу, чымся ён, і што падыход пуціна палягае на тым, што ён бярэ, але нічога не дае.

Матэрыял праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на «Белсаце» ў пятніцы а 21:45.

У поўным выданні: Ці новы прэзідэнт ЗША будзе паляпшаць стасункі з Лукашэнкам; дыктатары без падарункаў; энергетычная контррэвалюцыя Трампа; першая дама – эмігрантка.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў