Трамп абвінаваціў Google у змове з Клінтан


На думку кандыдата ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў, пашукавік адсейваў дрэнныя навіны пра ягоную суперніцу ад дэмакратаў падчас дэбатаў. Google зняпраўджвае гэтыя закіды.

Выступаючы перад сваймі прыхільнікамі ў штаце Вісконсін, Доналд Трамп заявіў, што апярэджвае Гілары Клінтан «на два пункты – і гэта нягледзячы, што пошукавая сістэма Google не прапускае дрэнныя навіны аб Гілары Клінтан».

«Як вам такое?», – пытаецца Трамп.

Гаворка, імаверна, пра тэорыю, што функцыя аўтазапаўнення ў Google прапаноўвае больш ухвальную лексіку пры запытах аб Гілары Клінтан. Упершыню гэтая тэорыя з’явілася ўлетку гэтага года на сайце SourceFed. (Пазней яе падхапіла расейскае агенцтва «Спутник».)

Паводле гэтай тэорыі пасля ўпісання ў пашукавіку «Гілары Клінтан зл» аўтаматычнае запаўненне Google не дапісвае «одзей», як гэта робіцца ў іншых пашукавіках – напрыклад, Bing, піша New York Times.

Прадстаўнікі інтэрнэт-кампаніі адпрэчваюць гэтыя абвінавачванні, падкрэсліваючы, што не ўмешваюцца ў алгарытм працы пошукавага сайта.

«Аўтазапаўненне Google не аддае перавагу якому-небудзь кандыдату або ідэалогіі. Падобныя заявы звязаны з простым неразуменнем таго, як працуе аўтазапаўненне. Наш алгарытм аўтазапаўнення не пакажа прагназуемы запыт, калі ён абражае або зневажае канкрэтнага чалавека», – заявілі ў адказ у кампаніі.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў