Трактар «Belarus» для... армянскіх рэвалюцыянераў


Чым жыве Арменія пасля перамогі апазіцыі? Распытваем герояў новага дакументальнага фільму «Белсату» «Арменія. Рэвалюцыя – гэта не страшна». Глядзіце прэм’еру на нашым сайце.

Ґарык Сарґсьян стаў першым у Арменіі апазіцыйным кіраўніком яшчэ да рэвалюцыі. Ён узначаліў самакіраванне вёскі Нор-К’янк (Новае Жыццё) у Арарацкай вобласці. І пачаў змены.

Пасля перамогі апазіцыі армянская дыяспара са Злучаных Штатаў падаравала рэвалюцыйнай вёсцы… трактар «Belarus». Яго будуць бясплатна даваць у арэнду вяскоўцам. Раней людзі плацілі за тэхніку, што павышала сабекошт сельскагаспадарчай прадукцыі на 30–40 %.

Неўзабаве Ґарык стане губернатарам вобласці. Дакументы, патрэбныя для афіцыйнага прызначэння на пасаду, палітык адправіў Ніколу Пашыньяну.

Увосень у Арменіі пройдуць парламенцкія выбары. Таму ў другой нашай гераіні, дэпутаткі парламенту ад апазіцыйнай фракцыі «Ельк» («Выхад») Лены Назар’ян, цяпер шмат працы. Яна з калегамі рыхтуюць змены ў Выбарчы кодэкс. Цяперашні стварае мноства магчымасцяў для кандыдатаў, у якіх ёсць грошы.

«Яны паводле рэйтынгавых спісаў маюць вельмі вялікія магчымасці балатавацца і купляць галасы», – тлумачыць нам Лена.

Раней людзі галасавалі за таго, хто плаціў ім за гэта грошы. Яны не верылі ў тое, што іхны голас можа штосьці змяніць у краіне, таму выбары ўспрымаліся як магчымасць зарабіць капейчыну. І давер да парламенту быў вельмі нізкі. Цяпер усё змянілася, гаворыць Лена.

Змянілася дзякуючы таму, што тысячы простых грамадзянаў не пабаяліся і падтрымалі рэвалюцыю. Сярод іх былі Лернік Саркісьян і ягоны бацька Варуж, сяляне з Гацавану, што на поўнач ад Ерэвану. Мы дазваніліся да Лерніка, і ён прызнаўся, што не чакаў мірнага развязання канфлікту. Ён быў упэўнены, што старыя ўлады не пабаяцца праліць кроў. Ад новых уладаў ён чакае не дапамогі, а каб не заміналі працаваць простым сялянам.

«Не трэба нас вучыць, як карову даіць. Хочуць дапамагчы – няхай не перашкаджаюць».

Як кожны з герояў спрычыніўся да рэвалюцыі і чаму ў армянаў усё атрымалася, глядзіце ў фільме «Арменія. Рэвалюцыя – гэта не страшна» (відэа вышэй).

Інга Астраўцова, Сяргей Пеляса, belsat.eu

Стужка навінаў