Няшчасны выпадак на берасцейскім «Камунальніку»: працаўнік быў у кроку ад смерці – начальства маўчыць

video

Аляксандр Мігура, кіроўца берасцейскага прадпрыемства «Камунальнік», практычна нарадзіўся другі раз.

У пачатку студзеня ён атрымаў траўму на працы ды трапіў на пяць дзён у рэанімацыю – яго заціснула паміж двух аўтамабіляў. Усе ўдзельнікі інцыдэнту адной з галоўных прычынаў выпадку называюць умовы працы, створаныя кіраўніцтвам.

Здарэнне адбылося раніцаю, калі машыны стаялі ў шэрагу і меліся выехаць з тэрыторыі прадпрыемства «Камунальнік», што ў Берасці. На адным з аўтаў яшчэ бачныя сляды здарэння. Адная з машынаў не заводзілася. Што адбылося далей, Аляксандр Мігура распавёў «Белсату»:

«Цягнулі першую машыну і, хутчэй за ўсё, зрабілі вугал не правільны і зачапілі маю машыну. Калі зачапілі маю машыну, я апынаюся паміж другім і трэцім аўтамі і мяне заціскае».

Адзін з кіроўцаў, які выцягваў машыну, ад сваёй віны не адмаўляецца, але тлумачыць: гэта ўсё трагічны збег акалічнасцяў і ўмовы працы, за якія мусіць несці адказнасць кіраўніцтва. Бо даводзіцца працаваць на аўтамабілях, якія не заводзяцца, нават калі на вуліцы нуль градусаў.

«Трос падчапілі, ну што кажу, паехалі, па бартах паглядзеў, нікога няма, паціху яго выцягваю і машына адразу выкатвалася, я праехаў напэўна з два метры, літаральна долі секундаў гляджу, машына неяк заломаная стаіць», – распавядае кіроўца «Камунальніка» Васіль.

Ад заціскання аўтамі ў Аляксандра Мігуры адбылося кровазліццё ўнутраных органаў, а таксама парваўся страўнік. Але і больш як праз тыдзень пасля надзвычайнага здарэння, калі мужчыну перавялі з рэанімацыі ў агульную палату, ніхто са следчых і адказных за ахову працы да яго не прыйшоў.

«Ні міліцыя, ні Следчы камітэт, ні начальнік гаража, ні намеснік яго, ні аддзел кадраў, ніхто», – кажа Аляксандр Мігура.

У Берасцейскай інспекцыі аховы працы запэўніваюць, што следства праводзіцца, і цягам 15 працоўных дзён будуць агучаныя вынікі. Кіраўніцтва прадпрыемства ад любых каментароў адмаўляецца. Пра ўнутраныя прычыны, якія спрычыніліся да трагедыі, кажа пацярпелы:

«Зразумела, што гэта нядбайнасць нашага кіраўніцтва, бо не прадугледзелі тое, што кіроўцы не могуць завесці свае машыны, бо няма акумулятараў і праз падручныя сродкі заводзяць машыны».

Родныя кіроўцы цвердзяць, што галоўнае цяпер для іх – гэта здароўе Аляксандра.

«Сітуацыя такая, мне самае галоўнае, каб ён быў здаровы», – кажа маці кіроўцы, што трапіў у непрыемную гісторыю.

Аляксандр напісаў зварот у інспекцыю працы з просьбаю, каб яго ўключылі ў камісію дзеля расследавання здарэння. «Белсат» будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Чытайце таксама:

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары