У Польшчы з'явілася новая арганізацыя, якая будзе займацца Беларуссю


17 лютага ў Варшаве адбыўся ўстаноўчы сход Таварыства ўсходняй палітыкі. Ініцыява аб’яднала аналітыкаў, навукоўцаў і журналістаў, якія займаюцца тэматыкай Усходняй Еўропы.

Асноўная мэта арганізацыі – падтрымаць польскую ўсходнюю палітыку ды надаць ёй больш актыўнага тэмпа.

«Мяркую, гэты найлепшы час для стварэння такой платформы. Я прыемна здзіўленая водгукам на нашую ідэю», – кажа Агнешка Рамашэўска-Гузы.

На ўстаноўчым сходзе дырэктарку тэлеканалу «Белсат» абралі прэзідэнтам таварыства. Віцэ-прэзідэнтам стаў доктар Лукаш Ясіна з Польскага інстытуту міжнародных справаў, генеральным сакратаром – Януш Вдзенчак з Польскага таварыства эканамістаў.

Чальцамі аб’яднання сталі адмыслоўцы, якія спецыялізуюцца ў пытаннях Усходняй Еўропы – Марыя Пшэломец (вядоўца «Студыі Усход» на Польскім тэлебачанні), прафесар Анджэй Новак, прафесар Пшэмыслаў Жураўскі вэль Граеўскі, прафесар Рафал Дзенцялоўскі («Фонд дапамогі палякам на Усходзе»), Марэк Мэнкішак, эксперт Цэнтру ўсходніх даследаванняў, Багуміла Бердыхоўская, спецыялістка ўва ўкраінскіх пытаннях, ды рэпартэр Томаш Грывачэўскі.

Ідэю стварэння арганізацыі падтрымалі дырэктар Польскага інстытуту міжнародных справаў Славамір Дэмбскі і дырэктар Цэнтру ўсходніх даследаванняў Адам Эберхардт. Яны далучацца да працы таварыства.

Заснавалькі таварыства кажуць, што арганізацыя будзе незалежнай і апалітычнай.

Маральнымі натхняльнікамі арганізацыі чальцы Таварыства ўсходняй палітыкі называюць Ежы Гедройца і Юліўша Мерашэўскага, чыя дзейнасць і праца значна паўплывалі на развіццё польскай усходняй палітыкі. Дзве гэтыя постаці прывялі да пераацэнкі палітычных канцэпцыяў у нашым рэгіёне, прызнаючы пасляваенныя межы і, у якасці асновы польскай палітыкі на ўсходзе, імкнучыся наладзіць партнёрскія адносіны з украінцамі, літоўцамі і беларусамі – каб ураўнаважыць савецкае і пазней расейскае панаванне і імперскую экспансію.

Аб’яднанне анансуе, што неўзабаве зробіць шэраг крокаў па актывізацыі польскай усходняй палітыкі – як у плане падтрымання польскай дыпламатыі, гэтак і развіцця «мяккая сіла» – будове лепшых адносінаў шляхам садзейнічання эканамічнай і культурнай супрацы.

ЯБ/ДД

Стужка навінаў