Топ-тэхналогіі – 2018. Тур вакол Месяца і разумныя святлафоры ў Берасці




2017 год адзначыўся шэрагам тэхналагічных прарываў: людзі ўпершыню адрэдагавалі чалавечы эмбрыён, упершыню паўторна запусцілі ракету, якая дагэтуль ужо лятала ў космас, а штучны інтэлект перамог 5 найлепшых гульцоў свету ў вядомую кітайскую гульню го. Якія адкрыцці і тэхналогіі прынясе 2018-ты?

Калі ўсё запланаванае на 2018 год споўніцца, яго можна будзе смела назваць вялікім вяртаннем чалавецтва ў космас. Навіны з палётаў розных беспілотных і пілатаваных місіяў зацьмяць сабой большасць іншых тэхналагічных падзеяў. І самая галоўная і доўгачаканая будзе анансаваная кампаніяй «Space X» місія па аблёце двума касмічнымі турыстамі спадарожніка Зямлі. Чалавек вернецца на арбіту іншага нябеснага цела ўпершыню з 1972 года.

Фрэнк Борман, Джэймз Ловэл і Ўільям Эндэрз – удзельнікі амерыканскай экспедыцыі на Месяц у 1968 годзе

Ракета-носьбіт для гэтага палёту «Falcon Heavy» сама па сабе станецца касмічнаю падзеяй студзеня. Яе першы палёт у кірунку Марсу з прыватнаю «Тэслай» самаго Ілана Маска запланаваны ўжо на гэты месяц.

«Першая ступень ракеты – гэта адначасовая праца 27-мі рухавікоў, я асабіста паеду на касмадром назіраць за стартам, гарантую вам – гэта будзе захапляльнае відовішча», – заявіў Ілан Маск, заснавальнік кампаніі «Spase X».

У сакавіку адбудзецца старт індыйскай беспілотнай місіі на Месяц. На борце апарата «Чандраян-2» будзе мініяцюрны месяцаход з 3D-камерамі. Неверагодныя здымкі і відэа гарантаваныя. У чэрвені японскі апарат «Хаябуса-2» збярэ грунт з аднаго з астэроідаў і ў 2020-ым прывязе яго на Зямлю. Сёлета ж у верасні аналагічную задачу ўжо на іншым планетоідзе выканае амерыканскі спадарожнік «OSIRIS-REx».

У лістападзе на Марс сядзе апарат НАСА «InSight».

«Мы пасылаем на Марс вялікі стэтаскоп, які будзе слухаць сэрца планеты – яго сейсмічную актыўнасць», – заявіў Брус Бэнэрт, інжынер NASA.

Наступная значная падзея 2018-га таксама не абыдзецца без касмічнага візіянера Ілана Маска. Кампанія «Hyperloop One» абяцае абраць маршрут, на якім пабудуюць першую трасу для звышгукавых цягнікоў. Нядаўна пасажырская капсула на магнітнай подушцы паставіла сусветны рэкорд у хуткасці для гэтага тыпу транспарту – амаль 400 км на гадзіну. Наступныя тэсты адбудуцца на хуткасці 750 і 1200 км на гадзіну.

Капсула Hyperloop

Трэцяя тэхналогія і зноў Ілан Маск. Ягоная аўтамабільная кампанія «Тэсла» выводзіць на рынак першы сапраўдны масавы электрамабіль – «Tesla Model 3». Паўмільёна замоваў толькі на гэты аўтамабіль, і мегафабрыка пабудаваная летась, якая сёлета будзе задавальняць гэты попыт.

«Тэхналогіі электрамабіляў у 2018 годзе сапраўды будуць вельмі папулярныя. І гэта не таму, што «Tesla» выпусціла сваю трэцюю мадэль, якую масава раскупілі, і не таму, што кітайскія вытворцы пастаянна кажуць, што зрабілі канкурэнта «Tesla». А таму, што вялікія фірмы, як тая ж «нямецкая тройка», паабяцалі сёлета зрабіць нешта падобнае на «Tesla». І нарэшце гэты рынак стане падобны да сапраўднага рынку», – кажа Кірыл Смяглікаў, журналіст «Белсату», аўтар праграмы «Дэвайс».

Так што хутка і мы пачнем усё часцей сустракаць электрамабілі на нашых вуліцах.

Дапоўненая і віртуальная рэальнасць – наступная тэхналогія, якая масава ўвойдзе ў нашае жыццё ў 2018-ым. Тэхналагічны прагрэс у гэтым кірунку ўражвае. Першыя шлемы з раздзяляльнасцю ў 8 разоў вышэйшай, чымся ў хатнім тэлевізары, з даволі дэмакратычным цэннікам $ 500 зробяць гэтыя гаджэты нашмат больш папулярнымі. Акулярамі дапоўненай рэальнасці пачнуць карыстацца медыкі, архітэктары, інжынеры і нават рабочыя высокатэхналагічных заводаў.

«З гэтаю тэхналогіяй працуюць на фабрыках «Боінга». Рабочыя надзяюць адмысловыя акуляры, і калі праводзяць зборку модуляў, рухавікоў і іншых вузлоў, то ім свеціцца падказка – чырвоны дроцік сюды, гэты сюды», – дадае Кірыл Смяглікаў.

Гэта ўсё выдатна, скажа нехта, але да Беларусі тыя тэхналогіі дойдуць не адразу. Для такіх скептыкаў у нас ёсць добрыя навіны.

Берасце можа стацца першым буйным горадам у Беларусі зусім без коркаў. У 2018 годзе ў абласным цэнтры з’явіцца інтэлектуальная сістэма з «разумнымі» святлафорамі. Камп’ютар з дапамогаю датчыкаў будзе сачыць за дарожнай сітуацыяй і нават колькасцю пешаходаў на пераходах і аўтаномна размяркоўваць транспартавыя плыні, аддаючы прыярытэт грамадскаму транспарту. Падарунак берасцейцам падвойны, бо праект, да таго ж, будзе цалкам фінансаваны Еўразвязам.

Сюжэт Ігара Кулея выйшаў у эфір ў «ПраСвеце» з Алінай Коўшык 5 студзеня

Стужка навінаў