ТОП-5 таямніцаў гарадзенскага піва


На піўным кватэрніку ў Горадні

Гісторык Андрэй Вашкевіч прачытаў лекцыю пра хмель у фармаце кватэрніку.

Арганізатарам нефармальнай лекцыі і дэгустацыі крафтавага піва выступіла «неіснуючая» Гарадзенская піўная ліга. Фактычна, гэта кола аматараў хмельнага напою. Не дзіўна, што на кватэрніку амаль не было дзяўчат – усё нагадвала хутчэй закрыты «мужчынскі клуб».

З півам у Горадні склалася цікавая і парадаксальная сітуацыя. Горад меў свой піўзавод з амаль з 200-гадовай гісторыяй, які быў зачынены ў 2007 годзе. Цяпер будынак разбураецца, абсталяванне збольшага раскрадзенае, а крамныя паліцы апанавала «Лідскае» ды рознага кшталту расейскія гатункі.

Гісторык Андрэй Вашкевіч прапанаваў узгадаць традыцыі гарадзенскага піваварэння, якія варта памятаць і адраджаць.

Піва «елі», а гарэлкі не было

У XV-XVI стст. асноўнымі напоямі гарадзенцаў былі піва і медавуха. Гарэлкі наўпрост не было.

Акрамя задавальнення ад працэсу, піва выконвала яшчэ як мінімум дзве важныя функцыі. Па-першае, гэта быў моцны антысептык, а па-другое, піва, якое ўтрымлівала шмат калорыяў – «елі», заспакойваючы апетыт.

Піва праз …гліняную «саломінку»

Адной з самых таямнічых прыладаў для спажывання піва за часамі ВКЛ была… гліняная трубачка. То бок, хмельны напой смакталі як кактэйль – праз саломінку. Найбольш імавернай версіяй з’яўлення такога спосабу ўжывання была кансістэнцыя піва: занадта густую вадкасць з дамешкамі было зручна працэджваць падчас піцця.

Піўную культуру забіла «Невядомая вайна»

Рубіконам у плане заняпаду піўной культуры і пераходу да больш моцных напояў стала так званая «Невядомая вайна» з Масковіяй у XVII ст., пасля якой ВКЛ і Гарадзеншчына былі вынішчаныя.

Ад гэтага часу ці не ў кожнай вёсцы з’яўляецца па 4-5 (!) шынкоў ды падатак на гарэлку, які селянін меў плаціць незалежна ад таго, п’е ён ці не п’е.

Палац Сапегаў і магіла Ёгана Кунца

Гарадзенскі піўзавод быў перабудаваны з аднаго з найбольш шыкоўных палацаў у горадзе – палацу Агінскіх і Сапегаў. Храналагічна ён старэйшы нават за гарадзенскі Новы Замак, бо адносіцца да XVII ст. Знакавай постаццю для яго стаў півавар з Чэхіі Ёган Кунц ( пасля прыняцця расейскага грамадзянства – Осип Матвеевич Кунц, ён жа Johan Kunz, ён жа Józef Kunc), які ў 1870-м выкупіў будынак і наладзіў вытворчасць на свой густ. Дарэчы, пахаванне Кунца знаходзіцца на гарадзенскіх Старых могілках і магло б стаць сімвалічнай Меккаю для аматараў піўных традыцыяў.

Катлы з мінаносцу і металалом

У 1812-м годзе з ранейшага гарадзенскага бровару французы вывезлі самае каштоўнае – усе металёвыя начынні. Сімвалічна, што прыярытэты ў рабаўнікоў не змяніліся за 200 гадоў. У 2007-м, калі Гарадзенскі піўзавод быў прададзены малавядомай фірме за 400 тыс. долараў нібыта для адкрыцця там рэстаранаў, махляры першай справай здалі ўсе металёвыя канструкцыі на лом. Сярод іх былі, між іншым, паравыя катлы з мінаносца (!) 1913 году, якія да апошняга часу выкарыстоўваліся на піўзаводзе…

АК, belsat.eu

Стужка навінаў