Найкруцейшыя беларускія спартоўкі: топ-5


Сёння сусветна вядомай Дар’і Домрачавай спаўняецца 32 гады. Аднак не толькі Дар’я дае нагоды ганарыцца поспехамі беларусак у спорце. Глядзіце ТОП-5 самых моцных і зорных спартовак сучаснай Беларусі.

1 – Дар’я Домрачава

Беларуская біятланістка Дар’я Домрачава

Самая тытулаваная сучасная беларуская біятланістка, чатырохразовая Алімпійская Чэмпіёнка, двухразовая Чэмпіёнка Свету, сярэбраная і бронзавая прызёрка Алімпійскіх Гульняў, уладальніца Вялікага Хрустальнага Глобуса ў сезоне 2014-2015, шматразовая прызёрка этапаў Кубка Свету і г.д. Пералік перамогаў і заслугаў Домрачавай не змясціць на адным аркушы. Зорка біятлону нарадзілася ў Менску, аднак дзяцінства правяла з бацькамі ў Сібіры. Менавіта там у Цюменскай вобласці ўпершыню паспрабавала сябе ў біятлоне. У 2003 г. вярнулася ў Менск, куды з Цюмені дзяўчына перавялася вучыцца БДПУ. На пачатку спартовай кар’еры прадстаўляла Расею, але за шматлікія перамогі ў юніёрскіх спаборніцтвах ужо ў 2003 г. Дар’ю запрасілі ў жаночую зборную Беларусі.

З таго часу маладая спартсменка перажывала шэраг перамогаў і паразаў. Сапраўдная зорная вядомасць прыйшла да яе ў 2014 годзе, калі Домрачава выйграла два залатых медалі ў Сочы. Менавіта тады Аляксандр Лукашэнка ўганараваў яе званнем Героя Беларусі. 25 чэрвеня 2018 года спартсменка афіцыйна абвесціла пра завяршэнне сваёй спартовай кар’еры. Дар’я Домрачава ў шлюбе з нарвежскім біятланістам Уле-Эйнарам Б’ёрндаленам, мае дачку Ксенію.

2 – Вікторыя Азаранка

Тэнісістка Вікторыя Азаранка

Знакамітая беларуская тэнісістка, якая ў студзені 2012 года ўпершыню сярод беларусак выйграла турнір серыі «Вялікага шлема», што дазволіла ёй стаць першай ракеткай планеты. Алімпійская чэмпіёнка ў змяшаным парным разрадзе, заслужаны майстар спорту Беларусі. Нарадзілася ў Менску ў 1989 г, пачала займацца тэнісам з сямі гадоў. У 2004 г. пераехала трэнавацца ў ЗША, аднак заўсёды выступала за Беларусь.

У Злучаных штатах выйшла замуж за Білі Макінга. Летась нарадзіла сына, аднак адносіны ў сям’і не склаліся. Білі Макінг абвінаваціў тэнісістку ў спробе скрасці дзіця і падаў у суд. Суды за апеку над сынам Лео працягваюцца дагэтуль, а экс-першая ракетка свету сёння не можа пакідаць Лос-Анджэлес разам з сынам. Праз праблемы ў сям’і Вікторыя Азаранка была вымушана прапусціць некалькі апошніх сур’ёзных сусветных турніраў.

3 – Ала Цупер

Фрыстайлістка Ала ЦуперЗа алімпійскае золата змагалася 22 гады. У Алімпійскіх гульнях спартсменка ўдзельнічала 6 разоў запар, і ўсё ж такі ў Сочы ў 2014 годзе стала чэмпіёнкай у лыжнай акрабатыцы, маючы 34 гады і траіх дзяцей. На той момант жанчына ўжо была шматразовай пераможцай этапаў Кубка свету і перад Алімпійскімі гульнямі 2014 году збіралася завершыць кар’еру. Як аказалася, сусветная вядомасць і перамога былі толькі на перадзе. Медаль Цупер стаў першым для Беларусі ў жаночым фрыстайле. У 2014 г. Ала Цупер атрымала Ордэн Айчыны.

4 – Кацярына Вандар’ева

Кацярына Вандар’ева, тайскі бокс

Зірнуўшы на дзяўчыну мадэльнай знешнасці, не адразу можна здагадацца, што гэта шматразовая чэмпіёнка свету і Еўропы ў тайскім боксе. Кацярына Вандар’ева нарадзілася ў 1991 годзе ў Старых Дарогах. Да тайскага боксу займалася валейболам, лёгкай атлетыкай і харэаграфіяй. Марыла паступіць у Акадэмію МУС, таму і занялася ўсходнімі адзінаборствамі. У кікбоксінг дзяўчына прыйшла, маючы 16 гадоў, а чэмпіёнкай свету стала ўжо праз год у 2009 годзе ў Тайландзе, выступаючы на рынгу пад псеўданімам «Барбі». Дзяўчына атрымала адукацыю ў галіне турызму і зараз займаецца арганізацыяй выязных карпаратываў. Летась годзе Беларуская Барбі выйшла замуж, чым разбіла надзеі шматлікіх фанатаў чэмпіёнкі муай тай.

5 – Марына Літвінчук

Вяслярка Марына Літвінчук

Знакамітая беларуская вяслярка, якая паходзіць з сэрца Палесся – вёскі Сотнічы Петрыкаўскага раёну. За беларускую зборную выступае з 2006 года і з таго часу калекцыянуе шматлікія перамогі. Маладая вяслярка не раз станавілася чэмпіёнкаю свету і Еўропы. Першы сур’ёзны поспех прынеслі сусветныя спаборніцтвы ў Познані, дзе дзяўчына прыйшла да фінішу другой і заваявала срэбраны медаль. З таго часу спартсменка прывозіць залатыя, бронзавыя і срэбраныя медалі з усіх спаборніцтваў, у якіх удзельнічае. Цяпер жыве і трэнуецца ў Мазыры. Замужам за беларускім весляром Артурам Літвінчуком.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары