Пяць прычынаў, чаму трэба паглядзець матч Беларусь-Францыя


Футбалісты зборнай Беларусі на трэніроўцы

Сёння беларуская футбольная зборная сустракаецца з камандай Францыі.

Першы матч кваліфікацыі да Чэмпіянату свету 2018

На гэтай ранняй стадыі надзея на паспяховы выступ ёсць ва ўсіх, нават у беларускіх заўзятараў. Да таго ж, каб выканаць задачу на кваліфікацыю, якую ўчора агучыў галоўны трэнер беларускай дружыны Аляксандр Хацкевіч (не ніжэй за трэцяе месца ў групе), трэба збіраць пункты ўжо з першага матчу. Па банальнай прычыне: група Беларусі дасталася вельмі складаная. Акрамя Францыі нашымі супернікамі стануць Балгарыя, Галандыя, Швецыя. Ды яшчэ Люксембург – відавочны аўтсайдэр, які і той калісьці ўжо перамагаў Беларусь.

Гуляем з фіналістам чэмпіянату Еўропы

На апошнім чэмпіянаце свету каманда Францыя (якая была гаспадаром турніру) дайшла да фіналу. Там у дадатковы час з мінімальным лікам прайграла зборнай Партугаліі. Пры гэтым Партугалію крытыкавалі за нецікавую гульню падчас усяго ЕЎРА-2016, у той час як стыль гульні французаў быў больш прывабны для заўзятараў.

У складзе французаў – самы дарагі футбаліст

Поль Пагба

За трансфер 23-гадовага Поля Пагба з «Ювентуса» у «Манчэстэр Юнайтэд» летам ангельскі клуб заплаціў 105 млн еўраў. Гэта самы дарагі пераход у гісторыі футболу.

Федэрацыя футболу пастаралася

На матчы плануецца перформанс. Увесь стадыён апрануць у белыя саколкі. Гэта будзе стадыён «Белыя крылы», як заявіў дырэктар дэпартаменту па маркетынгу і камунікацыях Беларускай федэрацыі футболу Уладзімір Беражкоў.

Аляксандр Глеб у форме з беларускім арнаментам

Варта адзначыць, што федэрацыя прыклала шмат высілкаў, каб сабраць сёння ўвечары аншлаг. Гэта і брэнд зборнай «Белыя крылы», новы маскот-рыцар, новая форма футбалістаў з вышыванкай.

І як бачым, праявілі цікавасць да нацыянальнай каманды, забяспечыўшы наведвальнасць першага матчу кваліфікацыйнага адбору.

Яскравыя гульні паміж Францыяй ды Беларуссю

Прыхільнікі беларускай каманды памятаюць, як у 2010-м у Сен-Дэні, у межах адбору да Еўра-2012, беларусы перамаглі Францыю з лікам 1:0. У матчы ў адказ, дома, згулялі ўнічыю – 1:1.

Глядзіце таксама >>>> Беларускія заўзятары сустрэлі зорак футболу з Францыі (ВІДЭА)

Пасля, ужо ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2012, прайгралі ў гасцях 3:1. Крыху пазней хатні матч Беларусі з Францыяй скончыўся вялікай колькасцю галоў – 2:4. Такім чынам, некалькі разоў Беларусь забірала пункты ў матчах з «элітнай» Францыяй, і нават яе перамагала. Застаецца спадзявацца, што гэта атрымаецца і сёння ўвечары.

Беларусь-Францыя. «Барысаў-Арэна». 21:45.

НМ, belsat.eu, фотаздымак Беларуская федэрацыя футболу

Стужка навінаў