Толькі 2 дэпутаты былі супраць. Палата прадстаўнікоў падтрымала дэкрэт «аб дармаедах»


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 6 траўня ўхвалілі рэзанансны дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

За дэкрэт прагаласавалі 100 дэпутатаў, а толькі дзве асобы былі супраць.

Як зазначыла, прадстаўляючы дакумент, міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, дэкрэт «сведчыць аб сацыяльнай адказнасці грамадзянаў за фінансаванне дзяржаўных расходаў». «Не трэба прычэпліваць ярлыкі «дармаеды». Чалавек добраахвотна кажа, што не браў удзел у расходах і заплаціў пэўную суму. Ён такі ж грамадзянін, як і ўсе», – падкрэсліла міністр.

Адной з мэтаў дэкрэта Шчоткіна назвала легалізацыю працоўнай дзейнасці: «Размова не ідзе пра тое, каб напоўніць бюджэт грашыма. Размова ідзе пра тое, каб чалавек браў удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў».

Міністр таксама паведаміла, што будзе праводзіцца маніторынг зваротаў грамадзянаў па дэкрэце: «Пакуль праца насіла, хутчэй, растлумачальны характар. Канструктыўных прапаноў не паступала».

Паводле слоў Шчоткінай, дэкрэт ужо дае станоўчы эфект: за першы квартал у службы занятасці звярнуліся больш як 16 тысяч грамадзянаў, якія доўгі час не працавалі, падае БелаПАН.

Нагадаем, згодна з дэкрэтам грамадзяне Беларусі, а таксама замежныя грамадзяне, які пастаянна жывуць у краіне, і асобы без грамадзянства, якія не бяруць удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні на год, мусяць выплачваць збор у 20 базавых велічыняў (сёння гэта 3 млн. 600 тыс. рублёў).

Паводле ацэнак экспертаў, сёння налічваецца каля 400 тысяч чалавек, якіх улады могуць аднесці да «сацыяльных утрыманцаў».

Дэкрэт выклікаў неадназначнае стаўленне ў грамадстве і вострую крытыку з боку незалежных экспертаў, якія назвалі яго «класічным прыкладам выкарыстання прымусовай працы».

Аналітыкі таксама папярэджваюць аб сурёзных выдатках выканання дэкрэта – паводле іх ацэнак, выдаткі на працу чыноўнікаў і міліцыі будуць большыя, чым паступіць сродкаў ад самога збору.

Апрача таго, ёсць апасенне, што ўлады могуць выкарыстоўваць палажэнні дэкрэта ў дачыненні да актывістаў грамадзянскай супольнасці як яшчэ адзін элемент уздзеяння на тых, хто нязгодны з уладай.

МЯ, паводле БелаПАН

Глядзі таксама
Каментары