Цыгарэты падаражэюць, на пачках з'явяцца жахлівыя малюнкі


Антытытунёвы закон адправілі на подпіс Лукашэнку. Чые інтарэсы кіраўніку краіны бліжэй – дактароў ці фінансістаў – стане вядома цягам двух месяцаў.

Міністр аховы здароўя Васіль Жарко заявіў, што антытытунёвы закон ужо прайшоў усе ўзгадненні і адпраўлены на подпіс прэзідэнту, піша TUT.by.

Тэкст закону быў падрыхтаваны яшчэ ў 2013 годзе, але тытунёвыя вытворцы лабіравалі ягонае адкладанне. Да таго ж у Беларусі няма грамадскіх арганізацыяў ці аб’яднанняў, якія б прасоўвалі антытытунёвую палітыку.

Вытворцам цыгарэт і курцам ёсць чаго баяцца: у законе прапісаная забарона на паленне ў грамадскіх месцах, поўная забарона на рэкламу цыгарэт, забарона на выстаўленне цыгарэт у крамах, змяшчэнне жахлівых малюнкаў на пачках і павелічэнне памеру акцызаў, што павінна адбіцца на коштах вырабаў. Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, падвышэнне падатку на тытунь на 10 % вядзе да зніжэння ўжывання тытуню на 4 %.

Пытанне акцызу – найбольш вострае. Дактароў хвалюе здароўе, тытунёўцаў – прыбыткі. Першыя пагражаюць страшнымі наступствамі для нацыі, другія шантажуюць звальненнямі працоўных з тытунёвых фабрык. Чыноўнікі займаюць пазіцыі ў залежнасці ад інтарэсаў сваіх інстытуцыяў. Мінфін і міністэрства аховы здароўя апынуліся па розныя бакі тытунёвых «барыкадаў».

Відаць, медыкі праявілі ўпартасць, бо Васіль Жарко ўпэўнены, што кіраўнік Беларусі зацвердзіць закон да канца года або яшчэ раней. Але магчыма, «Нёману» і іншым прадпрыемствам не варта моцна непакоіцца – Жарко вядомы сваймі гучнымі, але нерэалізаванымі абяцаннямі. Гэтак у 2011 годзе ён заяўляў, што «ў 2013-м чэргаў у паліклініках не будзе».

Белстат падлічыў, што ў Беларусі паляць 9 % жанчын і 46 % мужчын. Дырэктара тытунёвай фабрыкі «Нёман» Юрыя Чэрнышава сярод іх няма: ён прызнаўся, што шкоднай звычкі не мае.

ДД, belsat.eu

Стужка навінаў