Тэрыcа Мэй заявіла пра прыпыненне выбарчай кампаніі


Лідарка торы перад будынкам на Даўнінг Стрыт падчас ранішняй заявы 4 чэрвеня. Фота – Sky News.

Кансерватары спыняюць выбарчую кампанію, але выбары адбудуцца паводле раскладу.

Кансерватыўная партыя абвясціла аб прыпыненні выбарчай кампаніі ў сувязі з нападамі ў Лондане.

Брытанцы абяруць парламент у чацвер, 8 чэрвеня.

«Кансерватыўная партыя не будзе сёння праводзіць кампанію на нацыянальным узроўні», – заявіла лідарка торы Тэрыcа Мэй, брытанская прэм’ер.

Паводле Мэй, партыя ўважліва сочыць за расследаваннем у справе тэракту ў Лондане.

«Мы будзе разам, і, аб’яднаныя, адолеем нашых ворагаў», – цытуе ранішнюю заяву Мэй The Guardian.

Позна ўвечары ў суботу невядомыя на фургоне на вялікай хуткасці рэзка выехалі на ходнік на Лонданскім мосце, дзе пачалі ціснуць людзей. Пасля яны даехалі да кірмашу Барэ, які знаходзіцца побач, выйшлі з аўта і пачалі рэзаць людзей нажамі.

У выніку нападу загінулі сем чалавек, параненыя пяцьдзясят.

Трох падазраваных у тэрарызме ліквідавала паліцыя.

Начны напад стаўся найбольш крывавым ад часу лонданскага тэракту 2005 года. Тады ў выніку выбухаў у метро і аўтобусе былі забітыя 52 чалавек, 700 – параненыя.

ДД

Глядзі таксама
Каментары