The Washington Post: Незалежныя медыі ў Беларусі на мяжы выжывання


Адно з найбуйнейшых і найстарэйшых амерыканскіх выданняў, The Washington Post, прысвяціла артыкул сітуацыі з незалежнымі СМІ ў Беларусі. Падрабязна ў ім апісаны ціск на тэлеканал «Белсат»; згадваюцца чатыры нашыя журналісты.

– Беларускія ўлады ціснуць на журналістаў, якія асвятляюць падзеі без іх дазволу: цяпер карэспандэнтаў штрафуюць больш, чым калісьці ў гісторыі незалежнай Беларусі. Сродкі масавай інфармацыі знаходзіцца на мяжы выжывання і пад пагрозай, – цытуе аўтар артыкула, Чэрыл Рыд, прэс-сакратара Беларускай асацыяцыя журналістаў (БАЖ) Барыса Гарэцкага.

Больш за ўсё штрафаў, затрыманняў і арыштаў зведалі супрацоўнікі «Белсату», адзначае The Washington Post. Асобна згадваецца той факт, што ў ліпені гэтага году ў двух гарадзенскіх журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам», прайшлі ператрусы і была сканфіскаваная тэхніка.

– Гэта вельмі напружаны момант, – кажа Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктар «Белсату», – у нас няма ніякіх іншых варыянтаў, акрамя як працягваць плаціць штрафы і працягваць працаваць. Гэта робіць сюжэты значна даражэйшымі. Штрафы таксама звязаныя з узмоцненым запалохваннем. Большасць нашых рэпарцёраў – маладыя людзі, і КДБ запалохвае іхныя сем’і. Але мы спрабуем даць рады.

Таксама аўтар артыкула распавядае, як нашую журналістку Кацярыну Андрэеву неаднаразова затрымлівалі, апошнім часам – за стрымы з пратэстаў у Курапатах супраць рэстарацыі «Поедем, поедим». Штрафавалі шмат разоў і фрылансерку Ларысу Шчыракову з Гомля. Аднак, кажуць белсатаўцы, нават не стрымы – самае небяспечнае для незалежнага рэпарцёра ў Беларусі.

Яшчэ адзін журналіст «Белсату», Ігар Ільяш, значную частку сваёй працы прысвячае журналісцкім расследванням. Гэтак, мінулым летам ён сумесна з Андрэевай апублікаваў расследванне аб гандлі беларускіх прадпрыемстваў з кампаніямі, падкантрольнымі баевікам «ДНР» і «ЛНР». Пасля гэтага Кіеў увёў санкцыі супраць двух такіх прадпрыемстваў у Менску і Мазыры.

Наш рэпарцёр-расследвальнік Станіслаў Івашкевіч атрымаў пазоў у суд за сюжэт аб карупцыі ў дзяржструктуры. Апошняя судовая справа Івашкевіча зацягнулася на чатыры месяцы. Суд адмовіў пазоўніку ў кампенсацыі шкоды, якая нібыта была нанесеная дзелавой рэпутацыі дзяржаўнага канцэрна і запатрабаваў ад Івашкевіча публічна папрасіць прабачэння за выкарыстанне слова «карумпаваны» у сваім рэпартажы.

Як энергетыкі распільваюць грошы на ачыстку кацельных. Расследаванне «Белсату»

У артыкуле закранаецца і праблема атрымання акрэдытацыі для журналістаў замежных СМІ. Як вядома, нашыя карэспандэнты не атрымліваюць дазволу на працу ў Беларусі. Адметна, што Міністэрства замежных спраў не дало адказу на пытанне The Washington Post датычна гэтай сітуацыі.

Сярод галоўных страхаў беларускіх незалежных журналістаў – сачэнне з боку КДБ. Як сказаў газеце экс-галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк, «кожнае СМІ ў Беларусі мае свайго куратара з КДБ».

Паводле яго словаў, за год спецслужба можа выклікаць на афіцыйны допыт раз на год, але часцей чэкісты проста прапаноўваюць ключавым медыя-персонам «схадзіць на каву».

– Я напісаў дзясяткі артыкулаў на вельмі адчувальныя і гарачыя палітычныя тэмы, – кажа The Washington Post журналіст Зміцер Галко, які атрымаў 4 гады «хіміі» нібыта за патасоўку з міліцыянтам. Цяпер Зміцер не можа пакінуць Беларусь, пакуль ва ўкраінскім Марыупалі застаюцца ягоная жонка Юлія і 2-гадовы сын Нестар.

«Пошукі справядлівасці ў дыктатуры прыводзяць толькі да турэмнага зняволення і непапраўна негатыўных наступстваў для асабістага, сацыяльнага і прафесійнага жыцця», – рэзюмавала Юлія ў каментары амерыканскаму выданню.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў