The New Yorker: Лукашэнка выкарыстаў дакументы WikiLeaks для арышту беларускіх апазіцыянераў у 2010 годзе


Адзін з паплечнікаў Джульяна Асанжа ў 2010 годзе перадаў Лукашэнку тысячы дакументаў, з-за чаго пацярпелі дзеячы беларускай апазіцыі. Пра гэта піша амерыканскае выданне The New Yorker у артыкуле, прысвечаным галоўнаму рэдактару скандальнага сайта.

Як піша выданне, гаворка ідзе пра «сумнеўныя сувязі» галоўнага рэдактара Wikileaks Джульяна Асанжа з грамадзянінам Швецыі Ісраэлем Шамірам, які наведваў яго ў 2010 годзе. Газета называе Шаміра «скандальным расейцам з экстрэмісцкімі поглядамі», які перайшоў з іўдаізму ў хрысціянства, напісаў некалькі антысеміцкіх артыкулаў. Некаторыя падазравалі Шаміра ў сувязях з расейскай выведкай.

У адзін з візітаў Асанж перадаў яму больш за 90 тысяч неадрэдагаваных дыпламатычных дэпешаў ЗША, якія датычылі Расеі, былых краін Савецкага Саюзу і Ізраіля.

Частку дакументаў Шамір прадаў пракрэмлёўскаму выданню, а частку перадаў у Менск Аляксандру Лукашэнку. Выданне піша, што Лукашэнка выкарыстаў гэтыя дакументы для арыштаў апазіцыянераў. Сам Шамір, спасылаючыся на «зламысныя прыдумкі нядобразычліўцаў», адмаўляе факт перадачы дакументаў кіраўніку Беларусі.

The New Yorker цытуе словы неназванага беларускага актывіста, які ў каментары сайту Tablet сказаў: «Я сапраўды ненавіджу WikiLeaks. Як яны могуць гэта рабіць? КДБ кажа гэтым людзям: «Вашае імя ў амерыканскіх дэпешах, вы – здраднік, амерыканскі агент, і да вас будуць ставіцца як да ворага».

Выданне піша, што супрацоўнікі WikiLeaks у Вялікай Брытаніі даведаліся пра інцыдэнт, калі беларускія актывісты звярнуліся да іх у паніцы. Некаторыя нават хацелі правесці расследаванне, аднак Асанж загадаў адмаўляць наяўнасць інфармацыі ў Шаміра.

Вядома, што Шамір, адзіны рускамоўны акрэдытаваны журналіст WikiLeaks, які выступаў куратарам публікацыяў сакрэтнай карэспандэнцыі амерыканскіх дыпламатаў з WikiLeaks у постсавецкіх медыях, перадаваў згаданыя паперы ў СМІ.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў