The New York Times напісала пра пастаўкі рухавікоў для ракет у КНДР з Украіны. Кіеў: гэта правакацыя расейскіх спецслужбаў


Газета The New York Times апублікавала 14 жніўня матэрыял пра пастаўкі ракетных рухавікоў у КНДР з Украіны. У матэрыяле, які заснаваны на справаздачы эксперта Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Майкла Эллемана, гаворыцца, што апошнія поспехі Паўночнай Карэі ў запусках балістычных ракет звязаны са зʼяўленнем у Пхеньяна новых рухавікоў, падобных да савецкіх РД-250.

Эллеман лічыць, што КНДР пасля серыі няўдалых запускаў здолела стварыць ракетныя рухавікі, якія значна больш магутныя і больш складаныя, чым папярэднія распрацоўкі Пхеньяна. Ён зьвязвае такія поспехі з тым, што КНДР здолела ў абыход міжнародных санкцыяў купіць тэхналогіі стварэння РД-250 з украінскага «Паўднёвага машынабудаўнічага заводу», якія ён рабіў.

The New York Times адзначае, што завод пасля сыходу Віктара Януковіча з пасады прэзідэнта Украіны страціў расейскія кантракты і адчувае фінансавыя цяжкасці.

У справаздачы Эллемана гаворыцца, што некалькі гадоў таму паўночнакарэйскія спецслужбы спрабавалі выкрасці на Украіне дакументы, у якіх згадваюцца тэхналогіі вытворчасці ракетных рухавікоў.

На самім заводзе факт продажу тэхналогій або рухавікоў замежных дзяржаў адмаўляюць.

Пасля таго, як матэрыял быў апублікаваны ў The New York Times, кіраўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што Кіеў ніколі не пастаўляў ракетныя тэхналогіі ў Паўночную Карэю.

Як перадае «Інтэрфакс»Турчынаў заявіў, што «антыўкраінская кампанія справакаваная расійскімі спецслужбамі для прыкрыцця свайго ўдзелу ў паўночнакарэйскіх ядзерных і ракетных праграмах». Якім чынам Расея магла стаць заказчыкам справаздачы ў брытанскай даследчай арганізацыі і наступнай публікацыі артыкула пра яго ў The New York TimesТурчынаў не ўдакладніў.

КА, belsat.eu, паводле meduza.io

Стужка навінаў