The Hill: У Кангрэсе ЗША рыхтуюць імпічмент Трампу


Як паведамляе выданне The Hill, у Кангрэсе ЗША афіцыйна рыхтуюць першую спробу адхіліць ад улады прэзідэнта Доналда Трампа.

Гэтую спробу неўзабаве запусцяць дэмакраты. Ініцыятарам працэдуры з’яўляецца дэмакрат палаты прадстаўнікоў ад штату Тэхас і сябар групы цемнаскурых у Кангрэсе Эл Грын, ён ужо рыхтуе адпаведныя заяўкі.

Тым часам The Hill адзначае, што шанцаў на поспех у Грына мала, бо палата прадстаўнікоў кантралюецца, у асноўным, рэспубліканцамі, якія згуртаваліся вакол Трампа пасля шматлікіх расследаванняў аб сувязях прэзідэнта і ягонага атачэння з Расеяй.

Дзеянні Грына падкрэсліваюць занепакоенасць адносна Трампа, якая расце сярод дэмакратаў. Галоўныя заўвагі Грына тычацца звальнення экс-дырэктара ФБР Джэймса Комі, які расследаваў умяшанне Расеі ў прэзідэнцкія выбары.

Сёння Трамп агучыў імя кандыдата на пасаду новага дырэктара ФБР: ім мусіць стаць Крыстафер Рэй, якога прэзідэнт ЗША назваў «чалавекам з бездакорнай рэпутацыяй».

«Факты простыя і бясспрэчныя. Прэзідэнт звольніў дырэктара ФБР, таму што дырэктар расследаваў сувязь кампаніі прэзідэнта з расейскім умяшаннем у выбары. Гэта перашкода правасуддзю», – гаворыць Грын.

Пакуль невядома, калі Грын прадставіць заяўкі і хто яшчэ з палітыкаў падтрымае імпічмент.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў