«The Guardian» распавяла пра сувязь расейскіх футбольных фанатаў з Крамлём


Расейскія фанаты, якія ўдзельнічалі ў беспарадках на чэмпіянаце Еўропы па футболе ў Францыі, маглі мець падтрыманне Крамля.

Пра гэта ў нядзелю, 19 чэрвеня, паведамляе «The Guardian».

Паводле звестак выдання, значная колькасць фанатаў – прадстаўнікі «сілавых структур». Крыніцы газеты ў французскім урадзе заявілі, што дзеянні расейскіх «хуліганаў» у Францыі маглі быць часткай «гібрыднай вайны».

Кіраўнік брытанскіх паліцыянтаў на Еўра-2016 Марк Робэртс заявіў, што цяперашнія атакі былі «самымі сурʼёзнымі і скаардынаванымі з бачаных ім за 10 гадоў». Акрамя таго, брытанскія паліцыянты бачылі 150 расейскіх фанатаў, у якіх былі баксёрскія капы, пальчаткі без пальцаў і банданы.

У суботу, 11 чэрвеня, у Марсэлі перад матчам Расея-Англія адбыліся сутыкненні заўзятараў дзвюх краін. У выніку беспарадкаў пацярпелі больш за 30 чалавек.

Пасля заканчэння матчу на стадыёне «Веладром» у Марсэлі каля 30 расейскіх заўзятараў, прарваўшы ачапленне сцюардаў, праніклі ў сектар з англійскімі фанатамі і ўчынілі бойку.

Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) 14 чэрвеня аштрафаваў Расейскі футбольны саюз (РФС) і паведаміў, што зборную дыскваліфікуюць з Еўра-2016 у выпадку паўтарэння беспарадкаў заўзятараў. У саюзе падкрэслілі, што гаворка ідзе менавіта пра беспарадкі на трыбунах стадыёна падчас матчу Расея-Англія.

16 чэрвеня суд у Францыі прысудзіў траіх расейскіх заўзятараў да турэмных тэрмінаў за ўдзел у беспарадках у Марсэлі. Кіраўніка аддзелу па працы з заўзятарамі маскоўскага «Лакаматыву» Аляксея Ерунова прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі, выканаўчага дырэктара фан-клубу тульскага «Арсеналу» Сяргея Гарбачова – да 1,5 гадоў, заўзятара «Дынама» Мікалая Марозава – да года турмы.

20 чэрвеня французскія ўлады дэпартавалі 20 расейскіх заўзятараў пасля таго, як не хапіла падставаў, каб распачаць крымінальную справу.

МЯ, паводле tvrain.ru

Стужка навінаў