Тэрор прыйшоў у Канаду: страляніна ў Аттаве. Па меншай меры загінулі два чалавекі




Паліцыя Атавы паведаміла, што страляніна вялася ў некалькіх раёнах гораду: ля Магілы невядомага жаўнера і будынку парламенту. Інфармацыя пра страляніну побач з буйным гандлёвым цэнтрам не пацвердзілася.

Невядомыя застрэлілі аднаго з жаўнераў ганаровай варты ваеннага мемарыялу, пасля чаго адзін з іх прабраўся ў будынак, дзе зрабіў з вінтоўкі больш 20 стрэлаў. Прэм’ер-міністр Канады Стывен Харпер быў эвакуяваны.

Адзін з нападнікаў быў застрэлены. Колькі ўсяго было злачынцаў, пакуль невядома. У паліцыі мяркуюць, што стралкоў было трое. Вядзецца пошук астатніх. У краіне ўведзеныя павышаныя меры бяспекі. 

Сваю дапамогу ў сувязі з інцыдэнтам прапанавалі ўлады ЗША.

Трагедыя адбылася на наступны дзень, як у Канадзе быў павышаны ўзровень тэрарыстычнай пагрозы. У горадзе Сэн-Жан-сюр-Рышэлье канадзец ісламіст напаў на двух вайскоўцаў, наехаўшы на іх на аўтамабілі, і паспрабаваў уцячы. Паліцыянты застрэлілі падазраванага.

Таксама з пагрозамі ў бок жыхароў краіны выступалі радыкальныя групоўкі «Ісламская дзяржава» і «Аль-Каіда». У канцы верасня баевікі заявілі, што жыхары Канады не будуць адчуваць сябе ў бяспецы нават ва ўласных дамах. Пасля гэтага ўлады краіны дазволілі вайскоўцам удзельнічаць у спецаперацыі ў Іраку.

ДР, belsat.eu паводле telegraph.co.uk, cbc.ca, bbc.com

Стужка навінаў