Тэрарысты «Ісламскай дзяржавы»: «Пуцін, мы ідзем да цябе»


Баевікі пагражаюць прэзідэнту Расеі вызваленнем Чачэніі ды ўсяго Каўказу за тое, што Масква пастаўляе зброю Дамаску.

Экстрэмісты абвінавачваюць кіраўніка Крамля ў тым, што той забяспечвае прэзідэнта Сірыі Башара Асада зброяй і ваенным рыштункам. Пра гэта паведамляе арабскі спадарожнікавы тэлеканал «Al-Arabiya».

На відэароліку, апублікаваным на «Youtube» – баявік, які сядзіць у кабіне знішчальніка. Запіс зроблены на ваенным аэрадроме Табака ў правінцыі Рака. Гэты аэрапорт з канца жніўня кантралююць чальцы групоўкі. Цяпер у іх руках цяжкія гарматы, танкі і самалёты сірыйскай арміі.

Яшчэ адзін баявік з аўтамабіля пагражае: «Гэта пасланне да цябе, Уладзімір Пуцін, гэта твае самалёты, якія ты адправіў Башару, мы ласкай Алаха адправім іх табе, памятай пра гэта. І мы з дазволу Алаха вызвалім Чачэнію і ўвесь Каўказ! Твой трон ужо пахіснуўся!»

Узброены канфлікт у Сірыі пачаўся ў сакавіку 2011 года са шматтысячных выступаў супраць аўтарытарнага праўлення Башара Асада, які кіраваў краінай на працягу дзесяці гадоў. Улады задушылі пратэсты, тлумачачы гэта барацьбой з ісламізмам. Па дадзеных ААН, за гэты час загінула звыш 170 тысячаў чалавек. Урадавым войскам аўтарытарнага рэжыму супрацьстаяць узброеныя групоўкі апазіцыі. Найбольш актыўныя – чальцы групоўкі «Ісламская дзяржава», якія на пачатку чэрвеня пачалі наступ на паўночныя і заходнія раёны Ірака, а 29 чэрвеня абвясцілі пра стварэнне «ісламскага халіфату».

На пачатку жніўня ў канфлікт умяшалася ЗША. Вашынгтон заявіў пра пачатак аперацыі супраць экстрэмістаў. У адплату баевікі пакаралі смерцю двух амерыканскіх журналістаў – Джэймза Фоўлі і Стывэна Сотлафа.

ДР, belsat.eu

Стужка навінаў