Тэракт у Кіеве: Помста актыўным змагарам супраць расейскай агрэсіі?


У Кіеве выбухнула аўта кіраўніка спецназу Галоўнага ўпраўлення выведкі Украіны Максіма Шапавала.

Трагічны выбух адбыўся ў Саломенскім раёне ўкраінскай сталіцы.

«У нас адзін загінулы. Ён загінуў на месцы. Таксама побач з выбухам быў яшчэ адзін чалавек, ён пацярпеў. Яго забрала хуткая. Але ягонаму жыццю нічога не пагражае», – распавёў Арцём Шаўчэнка з Дэпартаменту камунікацыі МУС Украіны.

Паліцыя здымае запісы відэакамераў, апытвае сведак. Сабралі рэшткі аўта, даследуюць выбухоўку, якой, як ужо вядома, было каля паўкілаграма ў тратылавым эквіваленце. Загінулы – кіраўнік спецназу выведкі Мінабароны Украіны Максім Шапавал, які займаўся аховай экс-дэпутата Дзярждумы Расеі Дзяніса Вараненкава. Распачатая крымінальная справа паводле артыкулу «тэракт».

«Гэта тэрарыстычны акт, магчыма, гэта акт помсты, і тыя, хто зрабіў замах, цудоўна ведалі, што гэты чалавек – важны супрацоўнік у справе запэўнівання абароны і бяспекі Украіны», – адзначыў народны дэпутат Украіны Антон Герашчанка.

Пасля заявы ён пайшоў далей і заявіў пра стварэнне летась і дзейнасць з тэрыторыі Расеі тэрарыстычнага цэнтру, які высылае кілераў і дыверсантаў ва Украіну. Сённяшняе забойства ён параўнаў з замахам на сябе, забойствам палкоўніка Харабэруша ў Марыупалі, а таксама з вядомым тэрактам, у якім загінуў журналіст Павел Шарамет.

«Няма сумневаў, што расейскія спецслужбы разгарнулі шырокамаштабную тэрарыстычную вайну супраць дзяржаўных дзеячаў і супрацоўнікаў украінскіх службаў, якія бяруць найбольш актыўны ўдзел у барацьбе з акупантамі», – заўважыў рэдактар кіеўскага выдання «Censor.net» Юрый Бутусаў.

На жаль, ні адно з папярэдніх забойстваў-тэрактаў, якія называюцца ў адным шэрагу, не было канчаткова расследаванае, а вінаватых не знайшлі.

Глядзіце таксама:

Сяргей Падсасонны, belsat.eu

Стужка навінаў