Выбітнаму спеваку, які вынес на міжнародны ўзровень опернай сцэны беларускую песню, Міхасю Забэду-Суміцкаму споўнілася б 118 гадоў. Нашыя журналісты пабывалі ў мясцінах, звязаных з жыццём Міхася Забэйды-Суміцкага.
Выбітны тэнар гастраляваў па Еўропе, ягоныя песні гучалі праз радыё ў Лондане, Парыжы і Нью-Ёрку. Але гэта не было бесклапотнае жыццё агульнага ўлюбёнцы. Ад Забэйды-Суміцкага не раз дамагаліся, каб ён адмовіўся ад беларускасці, яго пераследавала Гестапа і КДБ.
Міхась Забэйда-Суміцкі сам дакладна не ведаў, дзе нарадзіўся. Часам запаўняючы анкеты, спявак упісваў месца нараджэння бацькі – вёску Несцеравічы. Ягоная сям’я батрачыла па ваколіцах. Бацька памёр вельмі рана, а з семярых дзяцей да паўнагоддзя дажыў толькі Міхась. Ягоная маці ў гадах дакладна не памятала, дзе нарадзіўся сын. «Можа, у Падароску, а можа, на лузе», – казала жанчына. Тым не менш самым блізкім кутком для сусветна вядомага тэнара сталіся Шэйпічы, дзе прайшлі 15 гадоў яго дзяцінства і юнацтва, дзе стаяў яго дом.
Вёска Несцеравічы знаходзіцца ў Свіслацкім раёне Гарадзенскай вобласці. Вёска маляўнічая, аднак амаль усе хаты сёння стаяць пустыя. Паглядзець, хто наведаўся ў Несцеравічы выйшаў старэнькі мужчына. Пра сям’ю Забэйдаў Іван Міронавіч нічога не ведае, аднак пра самога спевака калісьці чытаў у газеце.
«Гэта даўно было хіба што. І ніхто тут не знае. Толькі памятаю, што ў «Завеце Ільіча» пісалі. Адзін краязнаўца казаў, што такі тут жыў чалавек. У нас і прозвішчаў такіх не было, наколькі я памятаю. Забэйды ёсць у суседняй Палонцы», – кажа спадар Іван.
Міхась нарадзіўся ў 1900-м годзе. Ужо тады сям’я не жыла ў Несцеравічах, таму не дзіва, што след аб Забэйдах тут цалкам знік. Аднак давайце рухацца далей.
Пра Падароск, які знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне, узгадвала маці Міхася і гэтая версія падаецца цалкам лагічнай, бо ў архіве захавалася выпіска з метрычнай кнігі Сядзельніцкай царквы, сярод якіх значыцца імя Міхаіла сына Івана. Сядзельнікі ад Падароска ляжаць зусім побач. Царква стаіць на могілках, а службы тут праводзяцца адзін раз на месяц.
Шэйпічы аказаліся самым удалым пунктам нашай вандроўкі. Каля поля на пачатку вёскі стаіць памятны камень, які нагадвае, што менавіта тут прайшло дзяцінства Міхася Забэйды-Суміцкага
Пазней юнак вучыўся ў Маладэчанскай настаўніцкай семінарыі, якую з пачаткам вайны эвакуявалі ў Смаленск. Скончыўшы навуку ў 1918 г., Міхась пераязджае да маці ў Сібір. У Расеі на той момант ішла грамадзянская вайна, таму сын забірае маці і разам яны пераязджаюць ажно ў Маньчжурыю ў горад Харбін, куды з’яжджалася таксама расейская інтэлігенцыя.
Менавіта ў Маньчжурыі пачынаецца музычная кар’ера спевака. Хоць юнак вучыўся на юрыста, адначасова яму ўдалося стаць салістам Харбінскай оперы, дзе яго музычныя партыі карысталіся вялікай папулярнасцю. У 1932 г. каб удасканаліць сваё майстэрства, тэнар пераязджае ў Мілан. У Італіі малады спявак бярэ ўрокі ў галоўнага канкурэнта Каруза, Фернанда Карпі.
Неўзабаве ў Міланскай оперы Міхась здабывае шалёную папулярнасць, выконваючы творы на 16 мовах. Аднак праз 3 гады побыту ў Італіі, спявак вымушаны вярнуцца на радзіму, атрымаўшы сумную весту пра хваробу маці. Пасля вяртання ў Шэйпічы ў 1935 г. Міхась Забэйда-Суміцкі дае свой першы канцэрт на радзіме ў суседніх Ружанах. На выступе тэнар заспяваў калыханку сваёй маці, пасля чаго заплаканую выцягнуў яе да сябе на сцэну пад бурлівыя апладысменты.
Забэйду-Суміцкага яшчэ памятае суседка спадарыня Валянціна: «Ён тады меў дзяўчыну, настаўніцу ў нашым сяле. Так яны харашо любіліся. Але нешта не атрымалася. Ён паехаў, яна паехала, так і разышліся. Дзяўчыну клікалі Стася, яна была полькай. Харошай была, прыгожай. Яго хата стаяла за гэтым каменем. Хата была драўляная, як і мая».
Пасля вяртання Міхась зразумеў, наколькі ён патрэбны на радзіме і цалкам сур’ёзна разглядаў магчымасць застацца. Аднак яго слава была мацнейшай. Тады яго гастролі адбываліся па ўсёй Заходняй Беларусі, ажно пакуль спявак не атрымаў працу ў Познані. У Познаньскім оперным тэатры не зразумелі замілавання Забэйды-Суміцкага да беларускіх народных песень, якія спявак стараўся выконваць падчас кожнага свайго выступу.
У 1937 г. ён пачынае працаваць салістам на радыё ў Варшаве. Ягоныя выступы транслявалі радыёстанцыі Парыжа, Прагі, Лондану і нават на іншым кантыненце ў Нью-Ёрку.
Калі пачалася Другая сусветная вайна ён пераязджае ў Прагу, дзе яго пачынае пераследаваць гестапа. Немцы прапанавалі Забэйду-Суміцкаму ўзначаліць беларускія радыёперадачы, якія трансляваліся б на Савецкі саюз. Ад прапановы спявак адмовіўся, за што і пацярпеў. Гестапаўцы назвалі Міхаіла бальшавіцкім агентам і пасадзілі ў турму.
Пасля вызвалення Чырвонай арміяй яго пачынае пераследаваць КДБ, абвінаваціўшы ў супрацы з ворагам. Пасля вайны спявак застаўся жыць у Празе, а на радзіму яму ўдалося вярнуцца толькі аднойчы – у 1963-м годзе. Пра яго прыезд памятае суседка, якая ў той час жыла ў Шэйпічах, спадарыня Ліда.
«Гэты Забэйда прыязджаў даўно. Бацька расказваў, што яму не дазвалялі прыехаць. Недзе ён там у Еўропе быў, але ў 60-х гг. усё адно прыехаў. Я тады маленькая была, выйшла з хаты. І тут спынілася чорная «Волга». Той мужчына выйшаў і літаральна на хвіліну зайшоў да сваякоў. Забег і ходам паехаў, адразу ў Прагу. Я тады не ведала, хто гэта, потым ужо бацька расказваў. А сваякі жылі тут доўга, але ўжо няма нікога. Бабулю дачка ў Наваельню забрала. На могілках ягоная маці пахаваная», – распавядае жанчына.
Па накіраванні спадарыні Ліды мы знайшлі магілу маці Забэйды-Суміцкага. На яе помніку ёсць надпіс па-беларуску: «Забэйда Алеся Аляксандраўна. Ад сына Міхася», але няма даты нараджэння і смерці жанчыны. Відаць, прыязджаючы ў 1963 г., сын застаў у Шэйпічах толькі пустую хату.
Міхась Забэйда-Суміцкі да канца жыцця жыў на эміграцыі. Болей за ўсё ў Празе, дзе і быў пахаваны ў 1981 годзе. Пасля сябе гэты таленавіты чалавек пакінуў багацейшую музычную спадчыну, якая з’яўляецца сёння гонарам для беларусаў.
Паўліна Валіш, belsat.eu
Фота Васіль Малчанаў