«Тэма сексу абраная, каб чалавек адчуў сваю нікчэмнасць». Як выглядаюць трэнінгі псеўдапсіхолагаў


Што хаваецца за псіхалагічнымі трэнінгамі – у тым ліку Міхаіла Казлова, якога менская міліцыя спачатку затрымала, а потым адпусціла, – распавядае Сяргей Кулініч, кіраўнік Цэнтра па правах чалавека.

Тое, чым займаецца Казлоў, нагадвае таталітарную секту – не сутнасцю вучэння, а ступенню адарванасці ад знешняга свету, беспярэчнага падначалення ніжэйстаячых адэптаў культу – вышэйстаячым.

Праз тое, што ў аснову семінараў пастаўленая камерцыйная выгада, першы семінар ладзіцца бясплатна, каб прыцягнуць як мага больш людзей, каб яны расказалі гэта сям’і, сябрам, калегам.

На адным з такіх установачных семінараў я пабываў. Там ёсць рэчы, якія адразу насцярожылі. Вядоўца не «адкрывае чакры», як ён выказваецца, а робіць звычайныя правакацыі. Напрыклад, на сцэну з залы выводзіцца самая маладая дзяўчына. Вядоўца прапануе ёй «пашырыць межы» – сказаць што-небудзь непрыстойнае. І не проста зале, а нейкаму маладому чалавеку. Гэта робіцца, каб чалавек выйшаў з камфортнага для яго стану.

Наступны этап: адзін шэраг паварочваецца да іншага, і кожны павінен распавесці пра свае сексуальныя фантазіі. Мабыць, тэма сексу абраная, каб чалавек адчуў сваю нікчэмнасць. Трэба паглядзець, колькі людзей пасля такіх семінараў звярнуліся да псіхіятраў.

Шмат хто з удзельнікаў семінару разумеюць тое, што яны не проста змарнавалі грошы, а ўскладнілі сабе жыццё. Ім патрэбны час каб дайсці да сябе, адчуць сябе грамадзянамі, людзьмі і гэтак далей.

Аўтары такіх семінараў засяроджваюцца на жанчынах, асабістае жыццё якіх складваецца не вельмі добра – не знайшлі партнёра, нейкія жыццёвыя праблемы.

На семінары ўдзельніка ставяць у зневажальнае становішча: ён становіцца рабом настаўніка, які кажа рабіць яму нейкія рэчы – напрыклад, напісаць нешта на ілбе і ездзіць гэтак у метро. Гэтыя спадары ламаюць псіхіку чалавека, каб потым на гэтай выпаленай прасторы паспрабаваць пабудаваць нешта іншае.

Сяргей Кулініч, кіраўнік Цэнтра па правах чалавека (Менск)

 

Сёння да мяне звярнулася дзяўчына, муж якой браў удзел у падобным семінары. Яны гатовыя распавесці пра гэта. Яны чакаюць, што ўлада зверне ўвагу на тое, каб гэткія семінары не былі такімі дасяжнымі.

Балазе, што органы звярнулі ўвагу на гэтага чалавека, які займаецца супрацьпраўнымі дзеяннямі ў дачыненні да людзей.

Гутарыў Яраслаў Сцешык

Стужка навінаў