Тэхаскі стралок забіў прыхаджанаў царквы, якую наведвала ягоная цешча


На масавую стральбу ў баптысцкай царкве 26-гадовага Дэвіна Келі справакавалі сямейныя праблемы.

«У забойцы не было ані расавых, ані рэлігійных матываў. Існуе «унутраная сітуацыя» ў сям’і падазраванага», – заявілі мясцовыя ўлады на адмысловай прэс-канферэнцыі.

Як стала вядома, цешча Келі атрымлівала ад яго паведамленні з пагрозамі і наведвала гэтую царкву, аднак у дзень трагедыі яе там не было.

На думку губернатара Тэхасу Грэга Эбата, стральба была не выпадковай, а злачынец быў «парахавой бочкай, гатовай падарвацца».

Раней Келі служыў у ВПС ЗША. У 2012-ым годзе ён прадстаў перад ваенным трыбуналам за напад на жонку і дзіцяці, за што адсядзеў год у турме. Келі панізілі ў званні і звольнілі з войска за ганебныя паводзіны. У ЗША па законе людзі, абвінавачаныя ў хатнім гвалце, не маюць права мець зброю. Па дадзеных тэлеканалу ABC, Келі купіў паўаўтаматычную Ruger AR-556 у Сан-Антоніа ў 2016 годзе, калі яго ўжо пазбавілі ліцэнзіі на нашэнне зброі.

5 лістапада Келі ўвайшоў у чорным спецадзенні і бронекамізэльцы ў царкву і з аўтамата расстраляў прыхаджанаў. Загінулі 26 асобаў, больш 20 былі параненыя. Узрост забітых – ад 18 месяцаў да 77 гадоў. Некаторыя бацькі прыкрывалі сваіх дзяцей сабою.

Злачынца спрабаваў уцячы з месца злачынства. Пазней яго цела знайшлі ў аўтамабілі. Два мясцовыя жыхары пераследавалі Келі. Спачатку паведамлялі, што паліцыя забіла забойцу, аднак паводле ўдакладнёнай інфармацыі, Келі застрэліўся сам.

Трамп заявіў, што трагедыя ў Сазерлэнд Спрынгс здарылася праў «вельмі сурʼёзныя праблемы з псіхічным здароўем» і «не звязаная з сітуацыяй з нашэннем зброі ў краіне».

У ЗША абʼявілі чатырохдзённую жалобу.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў