Таямнічы хлопчык і бутэлька піва. Міліцыянт хацеў «павесіць» на прадавачку адміністратыўку


Таццяна Лаўрэнцьева, сябра прафсаюзу «РЭП» з Магілёва працавала прадаўцом у прыватнай краме. На пачатку красавіка ў краму прыйшоў міліцыянт і склаў на дзяўчыну пратакол: нібыта яна прадала піва непаўнагадоваму. Ёй пагражаў штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў па артыкуле 12.17 КаАП: ад 490 да 1225 рублёў.

Жанчына ўзгадала, што ў дзень, які пазначаны ў пратаколе, яна сапраўды прадала бутэльку піва – але вось толькі не хлопчыку, а даросламу мужчыну.

Таццяна пайшла ў міліцыю, каб азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы, але міліцыянт забараніў гэта зрабіць, спасылаючыся на тое, што гэтага непаўнагадовага нельга нікому паказваць і нельга выдаваць ягоныя дадзеныя.

Юрыст прафсаюзу «РЭП» Аляксандр Хамратаў напісаў скаргу з патрабаваннем прызнаць дзеянні міліцыянта незаконнымі. Справу разглядала адміністрацыйная камісія гарвыканкаму.

І вось тут пачалося дзіўнае. Высветлілася, што непаўнагадовы з’яўляецца грамадзянінам Расейскай Федэрацыі, і запрасіць яго няма ніякай магчымасці. Сярод доказаў знайшоўся і чэк за піва, набытае ў краме. Але вось выглядаў ён так, быццам бы толькі што яго надрукавалі, новенькі, не памяты.

«А ці быў хлопчык? З матэрыялаў справы даведацца пра яго нельга, на пасяджэнне камісіі ён зʼявіцца не можа, таму што тэрмінова зʼехаў у Расейскую Федэрацыю. Чэк як новы, як быццам яго адмыслова захавалі… Разлічана на чалавека, які не разбіраецца ў заканадаўстве і не можа сам сябе абараніць», – кажа юрыст Аляксандр Хамратаў.

У выніку камісія прызнала, што міліцыянт незаконна забараніў азнаёміцца ​​з матэрыяламі справы і задаволіла хадайніцтва аб спыненні адміністрацыйнага працэсу ў дачыненні Таццяны Лаўрэнцьевай.

Каб не трапіць на кручок нядобрасумленных міліцыянтаў, юрысты раяць звяртацца да спецыялістаў. Яны дапамогуць разабрацца ў акалічнасцях справы.

ГА, belsat.eu паводле praca-by.info

Стужка навінаў