Таццяна Талстая з матам выказалася пра Алексіевіч: Як будзе пі…ц па-беларуску?


Таццяна Талстая. Фота britishcouncil.ru

Расейская пісьменніца і тэлевядоўца Таццяна Талстая жорстка раскрытыкавала ў «Фэйсбуку» лаўрэатку Нобэлеўскай прэміі–2015 у галіне літаратуры Святлану Алексіевіч.

Абурэнне Талстой выклікала нядаўняе інтэрвю беларускай пісьменніцы для выдання discours.io, падае «Наша Ніва».

Алексіевіч адзначыла: «Учора я ішла па Брадвэі – і там бачна, што кожны – асоба. А ідзеш па Менску, Маскве – ты бачыш, што ідзе народнае цела. Агульнае. Так, яны пераапрануліся ў іншую вопратку, яны ездзяць на новых машынах, але толькі яны пачулі баявы кліч ад Пуціна «Вялікая Расея», – і зноў гэта народнае цела… Таму мне хацелася паказаць усю, як казала Цвятаева, квітнеючую складанасць нашага жыцця».

На гэта Таццяна Талстая адзначае: «Хто-небудзь, раскажыце ёй, хто прыдумаў выраз «квітнеючая складанасць» і што ён азначае. Так, і па Маскве ці Менску пешшу не хадзіце, там нейкае агульнае цела ходзіць. Або ў машынах ездзіць. А «пі…ц» па-беларуску таксама «пі…ц» будзе?»

У каментарах да паста Талстая яшчэ болей развівае гэтую тэму. «Алексіевіч – гэта пераапрануты Валянцін Зорын, журналіст-прапагандыст», – адзначае расейская пісьменніца.

«Яна, канечне, майстар выварвання га…а з любога матэрыялу», – не скупіцца ў выразах спадарыня Талстая.

Некаторыя каментатары адзначаюць, маўляў, выглядае, што Талстая проста зайздросціць Нобэлеўскай прэміі Алексіевіч. «У вас вельмі небагаты набор адчуванняў», – адказвае на гэта аўтарка допісу.

Адразу пасля атрымання Алексіевіч Нобэля Таццяна Талстая ўжо крытыкавала гэтае рашэнне.

«Гэтым рашэннем Нобэлеўскі камітэт сказаў, што сыры магнітафонны запіс, малаапрацаваныя, непрыцягальныя тэксты цяпер цэняцца. Простая рэч, ціск на слёзную залозу, аповед пра рэчы важныя, але сырыя, у рэпарцёрскім выглядзе – гэта больш актуальна і сучасна. Нобэлеўскі камітэт вырашыў гэта ўзнагародзіць. Гэта характарызуе культурны ўзровень самога Нобэлеўскага камітэту», – казала яна па свежых слядах.

Святлана Алексіевіч гэтак пракаментавала радыё «Свабодзе» выказванні Таццяны Талстой:

«Я не збіраюся ўступаць з Таццянай Талстой у перапалку. Проста я яе лічыла вельмі таленавітым пісьменнікам. Я заўсёды з цікавасцю яе чытала і слухала, глядзела тэлепраграмы, якія яна вяла. Я не ведаю, што з ёй адбылося. Але такі ўзровень размовы я не разумею, я ніколі так не размаўляю. Неяк нечакана для мяне прагучала і ейная нецэнзурная лексіка. Я і раней чытала яе рэакцыю на прысуджэнне мне Нобэлеўскай прэміі, «пра мільён у кішэні«. Я на такім узроўні не магу гаварыць і не хачу каментаваць. Мне проста вельмі шкада страціць той вобраз таленавітага чалавека, які ў мяне быў. Яна заўсёды падкрэслівала сваё дваранскае паходжанне, а тут не стрымалася. Вельмі шкада».

МЯ, паводле nn.by, svaboda.org

Глядзі таксама
Каментары