Таццяна Караткевіч: Скасаванне санкцыяў – падзяка ўладам Беларусі за пазіцыю ва ўкраінска-расейскім канфлікце


Адна з лідараў кампаніі «Гавары праўду» прывітала зняцце санкцый Еўразвязу з беларускіх чыноўнікаў.

«Кампанія «Гавары праўду» заўсёды выступала за наладжванне паўнавартаснага дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам. Рашэнне міністраў краін ЕЗ аб зняцці санкцый лічым важным крокам у гэтым кірунку. Зараз улады Беларусі павінны зрабіць крокі ў адказ, якія б пацвердзілі іх прыхільнасць дыялогу».

На думку палітыка, свабода сходаў і арганізацыяў, ліквідацыя перашкодаў для ажыццяўлення дзейнасці незалежных СМІ, рэгістрацыя новых СМІ і акрэдытацыя журналістаў, адкрыты падлік галасоў ужо на парламенцкіх выбарах 2016 года – «той набор дзеянняў, які дазваляе ацаніць, ці сапраўды беларускія ўлады гатовыя да дыялогу з ЕЗ ці яны проста ўзялі перадышку перад чарговым наступам на правы і свабоды грамадзянаў».

Глядзіце таксама: Ці дае плён дзейнасць і тактыка «Гавары праўду»? Дзмітрыеў спрачаецца з Мацкевічам

Караткевіч прапануе разглядаць адмену санкцый як «падзяку беларускім уладам за іх узважаную пазіцыю ў стаўленні да ўкраіна-расейскага канфлікту». «Вызваленне палітвязняў дазволіла ЕЗ прыняць такое рашэнне», – дадала яна.

«Аднак далейшае супраца з ЕЗ прадугледжвае палітычныя і эканамічныя рэформы ў Беларусі. Нашай краіне яны вельмі неабходныя. Калі рэформы не праводзіць, то адносіны з Еўрапейскім звязам вельмі хутка зноў »пахаладнеюць«. Хацелася б верыць, што беларускія ўлады разумеюць, наколькі шкодным для Беларусі будзе такі варыянт развіцця падзей».

Між тым большасць апазіцыйных дзеячаў асуджаюць рашэнне Савету міністраў замежных спраў краінаў ЕЗ.

ЕЗ пакідае ў сіле эмбарга на пастаўкі нашай краінаю ўзбраенняў, а таксама санкцыі ў дачыненні да чатырох сілавікоў, якіх Захад лічыць датычнымі да знікненняў у 1999-2000 гадах палітычных апанентаў Лукашэнкі.

Кіраўніцтва Беларусі неаднаразова выказваліся за адмену санкцый. Афіцыйны Менск сёння заяўляе аб намерах актыўна развіваць адносіны з Еўропай і ЗША.

ДР, belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў