Таццяна Караткевіч шукае добраахвотнікаў, гатовых балатавацца ў парламент


Таццяна Караткевіч. Фота t-styl.info

Экс-кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Таццяна Караткевіч заклікае ўсіх, хто яе падтрымлівае, станавіцца кандыдатамі ў дэпутаты беларускага парламенту.

«Выбары-2015 сталі пачаткам мірных пераменаў. У найбліжэйшы час мы засяродзім свае намаганні на двух кірунках: падрыхтуем і правядзем агульнанацыянальны форум развіцця «За мірныя перамены» і сфармуем спіс кандыдатаў на парламенцкія выбары», – гаворыцца на афіцыйным сайце кампаніі «Гавары праўду!», прадстаўніком якой з’яўляецца Таццяна Караткевіч.

«Запрашаем усіх, хто падтрымлівае Таццяну Караткевіч, падтрымлівае ідэю мірных пераменаў, станавіцца кандыдатамі ў дэпутаты або чальцамі іх каманд», – адзначана ў звароце, які цытуе interfax.by.

Кампанія «Гавары праўду!» таксама прапанавала апытальнік, дзе ўсе ахвотныя могуць напісаць, якую дапамогу яны ў стане аказаць кампаніі і пакінуць свае кантактныя дадзеныя. У прыватнасці, валанцёры могуць паказаць, што яны «гатовыя стаць кандыдатам у дэпутаты парламенту», «гатовыя стаць чальцом каманды кандыдата ў дэпутаты парламенту», «могуць дапамагчы ў падрыхтоўцы і правядзенні форуму «За мірныя перамены», «могуць прыняць удзел у распрацоўцы праграмных палажэнняў форуму», «гатовыя заправіць аўтамабіль, прадставіць для паездкі свой аўтамабіль, надрукаваць улёткі, аплаціць тэлефоны і гэтак далей».

Выбары прэзідэнта Беларусі прайшлі 11 кастрычніка. Таццяна Караткевіч, паводле афіцыйных звестак, набрала 4,4 % галасоў выбарнікаў.

Глядзіце яшчэ >>> Дэбаты на «Белсаце»: Таццяна Караткевіч пра ворагаў, саюзнікаў і сэксуальныя меншасці.

МЯ, паводле interfax.by

Глядзі таксама
Каментары