Таццяна Караткевіч: «Народ і краіна перараслі сваю ўладу»

video

У другім тэлезвароце кандыдатка на прэзідэнта ўзгадала 90-я і распавяла, як у Беларусі трэба праводзіць мадэрнізацыю.

«Паглядзіце вакол: усё памянялася за 20 гадоў акрамя ўлады. Сёння народ і краіна перараслі сваю ўладу», – заявіла Караткевіч падчас другога выступу на дзяржаўным тэлебачанні.

Дзяржаўная машына ўзору 1996 года глухне, не працуе ў 2015 годзе, значыць, прыйшоў час і яе змяняць. Улада павінна быць не тормазам, як цяпер, а рухавіком развіцця, як будзе пры новым прэзідэнце».

«Насамрэч людзі не баяцца пераменаў, наадварот, яны хочуць іх. Адзіны, хто іх баіцца, – гэта мой канкурэнт на гэтых выбарах Аляксандр Лукашэнка.

Таму што любыя перамены паменшаць кантроль улады над эканомікай, грамадствам і чалавекам», – заявіла Караткевіч.

Кажучы пра «мірныя перамены» ў эканоміцы, яна падкрэсліла: «Даць волю актыўнаму, прадпрымальнаму чалавеку, які хоча і можа працаваць на зямлі, на заводзе, ўмее арганізоўваць вытворчасць ці аказваць паслугі.

Трэба даць магчымасць людзям адкрываць сваю справу і самастойна забяспечваць сябе. Працаваць на сябе, а не на чужога дзядзьку ці чыноўніка». Паводле яе, краіну з крызісу выведзе прыватны сектар.

Караткевіч таксама звярнула ўвагу і на праблему рэгіёнаў: «Мы зробім усё, каб развіваць рэгіёны, ствараць інфраструктуру, падтрымліваць маладых спецыялістаў і маладыя сем’і. Праз вылучэнне зямлі і льготных крэдытаў, каб пабудаваць дом. Але рабіць гэта будзем разумна, з прыцягненнем бізнесу і інвестыцыяў. Такія праекты выгадныя ўсім – і людзям, і дзяржаве, і бізнесу».

Таксама Караткевіч абяцае зрабіць усё, каб вярнуць прэстыж прафесіі настаўніка.

Настаўніка «трэба вызваліць ад адміністрацыйных і ідэалагічных задачаў», бо найперш ён павінен «вучыць і атрымліваць за гэта годную зарплату».

Для тых, хто пачаў задумвацца пра сваю старасць, Караткевіч прапанавала «ўвесці назапашвальную сістэму, адкрыць недзяржаўныя пенсійныя фонды для дадатковых пенсійных зберажэнняў».

Напрыканцы выступу Караткевіч заклікала выбарчыя камісіі «лічыць галасы беларусаў сумленна, адкрыта і не закрываць вочы на падман».

Кандыдат звярнулася да членаў участковых камісіяў, большасць з якіх – жанчыны. «Выбары прэзідэнта – гэта не меней важна, чым сям’я, таму што гэта наша Радзіма, наша краіна, наша агульная будучыня. Мы нічога не даможамся, калі не будзем сумленнымі. Я ведаю, як вы хвалюецеся аб тым, што чакае нас наперадзе, якая будучыня ў нашых дзяцей. Я прашу вас лічыць галасы беларусаў сумленна, адкрыта і не закрываць вочы на падман. Гэта сёння надзвычай важна. Гэта – момант ісціны».

«Пакуль незадаволенасць выказваецца толькі на кухні, ваша меркаванне ніколі не будзе ўлічвацца. Трэба прыйсці і прагаласаваць. Гэта ваш законны і бяспечны шлях пачаць перамены – у кабінцы вы адны, адзін на адзін са сваім сумленнем. Дайце старт пераменам», – гэтымі словамі Караткевіч заклікала беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі 11 кастрычніка.

belsat.eu, паводле belapan.by, nn.by

Глядзі таксама
Каментары