Таццяна Караткевіч: «Мы за абумоўленае зняцце санкцыяў»


Лідары «Гавары праўду» распавялі, якой яны бачаць вонкавую палітыку Беларусі.

«Мы кажам пра абумоўленае зняцце санкцый, маем на ўвазе, што беларускія ўлады павінныя зрабіць рашучыя крокі наперад. Першае, канешне, што нас тычацца ў палітычнай сферы – зняцце артыкула, які дазваляе пераслед актывістаў, якія «дзейнічаюць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» (арт. 193.1)», – заявіла ў каментары «Белсату» лідарка «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч.

Паводле яе, Беларусі патрэбная фінансавая і тэхнічная дапамога, якую наша краіна магла б атрымаць пасля адмены санкцый. У дадатак Таццяна Караткевіч назвала іншыя аргументы, згодна з якімі, санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў трэба зняць:

«Гэтыя санкцыі дзейнічаюць даўно. Мы бачым, што на працягу дзесяці гадоў мы збяднелі, наша эканоміка і палітыка імкнуцца да нуля. А гэта значыць, што тактыка і палітыка не спрацоўваюць: як унутры краіны, так і за яе межамі. Таму мы лічым змяненне тактыкі і стратэгіі ў адносінах да Беларусі маглі б адчыніць для нас новыя магчымасці».

Сёння на сваёй старонцы ў Facebook яшчэ адна жанчына-палітык Вольга Карач выразіла крытыку ў стасунку да Таццяны Караткевіч, назваўшы яе кампанію «Гавары праўду» галоўнымі лабістамі Лукашэнкі ў апазіцыі. Караткевіч сказала, што да такой крытыкі ставіцца спакойна. Былая кандыдатка на прэзідэнцтва кажа, што шмат у чым крытыкуе Аляксандра Лукашэнку, пры гэтым не лічыць патрэбным маўчаць, калі ўлады робяць добры крок.

НМ, belsat.eu

Стужка навінаў