Таццяна Караткевіч: Хопіць дзяліцца на правых і левых, расейскамоўных і беларускамоўных


Праграма Таццяны Караткевіч базуецца на пытаннях «Народнага рэферэндуму», ініцыятарамі якога стала аднайменная кааліцыя, што аб’ядноўвае грамадзянскую кампанію «Гавары праўду!», Партыю БНФ, Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і рух «За Свабоду», паведамляюць naviny.by. 

Галоўная ідэя гэтай кампаніі – вынесці на ўсенароднае абмеркаванне шэсць вызначальных пытанняў, якія датычаць развіцця беларускай дзяржавы і грамадства. 

«Прэзідэнт павінен накіраваць сваю працу ў першую чаргу  на стварэнне ўмоваў для павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзянаў Беларусі, што можа ажыццявіць толькі пры дапамозе развіцця эфектыўнай эканомікі. Пазітыўныя перамены немагчымыя без правядзення глыбокіх палітычных і эканамічных рэформаў», – гаворыцца ў перадвыбарнай праграме Караткевіч.

«Старая ўлада прывяла краіну да крызісу. Каб пераадолець яго, мы павінны аб’яднацца», – заявіла яна на прэс-канферэнцыі. Паводле Караткевіч, «самы просты спосаб выхаду з крызісу – рэформы».

Таццяна Караткевіч заклікала ўсіх ахвочых далучыцца да яе кампаніі. «Хопіць дзяліцца на правых і левых, расейскамоўных і беларускамоўных», – падкрэсліла яна.

ЮВ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў