Разам з Расеяй, але не да канца. Рэпартаж з Татарстану


Казанскі Крэмль

Апошнім часам у расейскай рэспубліцы, што ляжыць на мяжы Еўропы і Азіі, усё часцей чуваць незадаволеныя галасы. Ці Масква перастала падабацца Казані, на месцы высвятляў Караль Лучка.

Чытайце таксама:

Апошнім часам у расейскай рэспубліцы, што ляжыць на мяжы Еўропы і Азіі, усё часцей чуваць незадаволеныя галасы. Ці Масква перастала падабацца Казані, на месцы высвятляў Караль Лучка.

17 студзеня Ўсетатарскі грамадскі цэнтр заклікаў улады Татарстану выкрасліць расейскую мову са спісу афіцыйных моваў рэгіёнаў. Паводле актывістаў, усё часцейшае выкарыстанне расейскай мовы прыводзіць да заняпаду роднай мовы волжскіх татараў.

У адрозненні ад крымскіх, мясцовыя татары выкарыстоўваюць для запісу сваёй мовы кірыліцу: зрэшты выкарыстоўванне якога-кольвек іншага алфавіту апроч кірыліцы для запісу моваў нацыянальных меншасцяў у Расеі забаронена.

Татарстан, на першы погляд, выглядае як тыповая, толькі крыху багацейшая, расейская правінцыя з тыповымі панэльнымі шматпавярховікамі і старымі «жыгулямі».

«Стэйшэн» Казань

На казанскім вакзале – дзве новыя неонавыя шыльды – не толькі, па-расейску, але і па-ангельску – каб аблегчыць арыентаванне замежнікам. Падавалася б, нічога дзіўнага, але жэст не спадабаўся некаторым расейцам, якія прыехалі з Масквы наведаць сваякоў.

Чыгуначны вакзал у Казані

«Два гады таму гэтага не было. Амерыкосам хочуць спадабацца ці што?», – кажа адзін з прыезджых, вітаючы сямʼю.

І вакзал, і сам горад – у нашмат лепшым стане, чымся тыповыя расейскія месцы падобных памераў. Залежы нафты відаць у Татарстане няўзброеным вокам. І менавіта яна дазваляе Татарстану быць незалежным ад Масквы фінансава – у адрозненні ад больш бунтарскай, але беднай у сыравіну Чачэніі.

Пазіцыю Татарстану ўнутры Расеі ўзмацняе таксама банкавы сектар, які імкліва развіваецца: прынамсі на лакальным рынку дамінуюць татарскія банкі. Сярод іх – «Ак-Барс» (тат. «белая пантэра», алюзія да татарскага гербу), якому належаць 40 % фінансавых актываў рэспублікі, а таксама звязаны «Татфондбанк», які ўваходзіць у 50 найбуйнейшых банкаў Расеі. Агульнарасейскія банкі прысутнічаюць у Татарстане, але не карыстаюцца такой папулярнасцю.

Ён такі адзін

Фінансавая незалежнасць адбіваецца на палітычнай. Татарстан – адзіны субʼект Расейскай Федэрацыі на чале з прэзідэнтам – такім тытулам не можа пахваліцца нават старшыня Чачэнскай рэспублікі. Акрамя таго, гэта адзіны рэгіён, які падпісаў з Масквой «Пагадненнем аб падзеле паўнамоцтваў», паводле якога Татарстан – субʼект міжнароднага права на адным узроўні з Расеяй, і маскоўскі Крэмль не мае права змяняць ягоныя ўмовы без згоды Крамлю казанскага.

Адная з вочных прыкметаў незалежнасці – адсутнасць расейскага сцяга на будынку Дзяржаўнага Савету Татарстана, мясцовага парламенту. Жэст, магчыма, сімвалічны, але паводле расейскіх стандартаў, вельмі абразлівы для ўладаў у Маскве.

«Зрусіфікавалі нас – што я магу сказаць

На тэрыторыі казанскага крамлю знаходзіцца адбудаваная некалькі гадоў таму Саборная мячэць Кул-Шарыф, у якой знаходзіцца непрыкметны, але моцна прасякнуты ідэалагічна «Музей Ісламу». Сярод калекцыяў, што ілюструюць жыццё мясцовых татараў, ёсць экспазіцыя, прысвечаная культуры крымскіх татараў, а ў ёй – сцяг забароненага ў

Расеі Меджлісу.

Працаўнікоў музею гэты факт не здзіўляе.

Мячэць Кул-Шарыф

«Якое там забаронена? Дырэктар сам прапанаваў выставіць той сцяг, а ён разбіраецца, і чагосьці б неразумнага не зрабіў бы. Апроч таго, крымскія татары – нашыя браты. Што кепскага ў тым, каб паказаць іхны сцяг?», – заўважае работніца музею Фаўзія.

У Казані мне не ўдаецца знайсці татараў, якія б падзялялі вялікарасейскія погляды. Імам мячэці Аль-Марджані, адзінай, што дзеяла ў савецкія часы, не можа сказаць нічога станоўчага на тэму татарска-расейскіх стасункаў.

«Зрусіфікавалі нас, што я магу сказаць… Асабліва тут – у Казані амаль ніхто не размаўляе па-татарску. Калі татары акупавалі Русь, то зусім не стараліся знішчыць яе культуру, так, як расейцы ўжо столькі гадоў знішчаюць нашую. У савецкія часы нібы ўсе рэлігіі дыскрымінавалі, але іслам неяк заўсёды яшчэ больш, чым іншыя. Не кажу ўжо нават пра тое, як Расея нас рабуе: у нас адзін з самых багатых рэгіёнаў краіны, а пенсіі маем, хіба, самыя нізкія!» – кажа надзвычай спакойны, але расчараваны імам Мансур хазрат Джалялетдзін, не звяртаючы ўвагі на прысутнасць другога, расейскага журналіста.

Але не толькі татары-мусульмане адчуваюць сябе асобным, адрозным ад расейцаў народам. Перад выйсцем Нікольскага кафедральнага сабору, што знаходзіцца ля падножжа казанскага Крамля, сустракаем Эльміру, якая размаўляе са знаёмай жанчынай сярэдняга веку па-татарску.

Храм Ціхвінскай іконы Божай Маці ў Казані

«Няма нічога дзіўнага ў тым, што хаджу ў царкву, бо я татарка, якую ахрысцілі. Але расейцы такіх як я нават не лічаць сваймі. Бачна гэта, напрыклад, у мяне на працы, дзе кожны проста трымаецца сваіх. Вядома, што гэта не вельмі прыемна, але што зробіш! Ну і ў самім Татарстане таксама ёсць шмат расейцаў, і яны, вядома, не хочуць ніякай незалежнасці, і трэба неяк з імі жыць», – кажа Эльміра.

«Ніякіх мараў, спадарства»

Пра незалежнасць у любым выпадку татарам марыць не выпадае: акрамя энергічных спробаў і праведзенага ў 1992-м мясцовага рэферэндуму, падчас якога 62 % жыхароў рэгіёну падтрымалі ідэю абвяшчэння незалежнасці, Татарстан не мае зараз шанцаў на яе атрыманне. Рэспубліка цалкам аточаная іншымі расейскімі вобласцямі ды рэспублікамі: незалежнасць азначала б далейшую абсалютную залежнасць ад Расеі.

Актывісты, якія выступаюць за незалежнасць, хаця і не так жорстка рэпрэсуюцца, як крымскія татары, тым не менш не могуць свабодна дзейнічаць на тэрыторыі Татарстану. Актывісты рэгулярна атрымліваюць прысуды за «распальванне расавай нянавісці»: 66-гадовая лідарка Меджлісу Татарстану Фаўзія Байрамава, напрыклад, у 2014 годзе атрымала год зняволення з адтэрміноўкай за публічную заяву аб падтрымцы крымскіх татараў.

Тэкст і фота Караль Лучка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары