Аўтары расейскай кінастужкі «Левіяфан» не будуць наказваць піратаў


Фільм рэжысёра Андрэя Звягінцава трапіў у сеціва за месяц да афіцыйнай прэм’еры ў Расеі.

Аўтары «Левіяфана» вырашылі не наказваць тых, хто выклаў фільм у інтэрнэт, і тых, хто яго паглядзіць. У суботу 10 студзеня копія кінастужкі, якую меў адзін з сябраў Амерыканскай кінаакадэміі, з’явілася ў інтэрнэце, – паведамляе Lenta.ru.

12 студзеня «Левіяфан» Андрэя Звягінцава атрымаў прэстыжную амерыканскую кінапрэмію «Залаты глобус» у намінацыі «Лепшы фільм на замежнай мове».

Фільм Звягінцава жорстка апісвае сучасны стан расейскага грамадства – карупцыю і зрастанне Рускай праваслаўнай царквы з аўтарытарнай дзяржаўнай машынай.

Па словах самога Звягінцава, жывучы ў Расіі, адчуваеш сябе, «як на мінным полі».

«У вас няма асаблівых перспектыў – ні ў жыцці, ні ў прафесіі, ні ў кар‘еры, калі вы не «падключаныя» да каштоўнасцяў сістэмы. Гэта дурны грамадскі лад, вечны праклён нашай тэрыторыі. Мне 50 гадоў, і я ні разу ў жыцці не галасаваў на выбарах, бо я абсалютна ўпэўнены, што ў нашай сістэме гэта цалкам бессэнсоўна», – сказаў Звягінцаў у інтэрвю Theguardian.com.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары