Тарты і кветкі: у Магілёве пасля 15 содняў вызвалілі чарговых удзельнікаў акцыі недармаедаў


30 сакавіка скончыўся тэрмін арышту ў сябра БСДП (Грамада) Змітра Люнтова і ахвяры людзей у цывільным Ігара Чарака. Абодва хлопцы бралі ўдзел у Маршы недармаедаў у Магілёве 15 сакавіка і ў той жа дзень іх затрымалі. Суд над імі адбыўся 16 сакавіка, дзе абодвух прызналі вінаватымі. Адміністрацыйны арышт хлопцы адбывалі ў ізалятары часовага ўтрымання па вуліцы Крупская, 99б у Магілёве.

Сустракаць актывістаў на волі сабраліся аднапартыйцы, журналісты, іншыя актывісты Магілёва. Для зняволеных прынеслі тарты са знічкамі «15» і кветкі. Каля 30 чалавек чакала выхаду зняволеных пад сценамі ІЧУ.

Зміцер Люнтоў

«На маё адчуванне, менавіта мяне схапілі за тое, што я праз мегафон запрашаў людзей таксама сабрацца 25 сакавіка ў Менску на Дзень волі. Падчас мітынгу да мяне ніхто не падыходзіў і не даваў папярэджанняў. Я даведаўся, што нешта парушыў, толькі калі мяне затрымалі. Не разумею, чаму мне прысудзілі 15 содняў, бо я раней не прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Лічу гэта дужа жорсткім выракам за мірны выступ у цэнтры гораду», – распавядае Зміцер Люнтоў адразу пасля вызвалення.

«Дасылаў скаргу на судовы вырак, але мне яе вярнулі з удакладненнем, што пакуль я не заплаціў судовую мыту, яны не прымуць скаргу. На сутках спачатку давіў клапоў (смяецца – заўвага belsat.eu). Пасля шмат чытаў. Непрыемна ўразіла, што ў камерах не хапае свежага паветра. Яшчэ і сусед па камеры паліў», – працягвае ён.

Ігар Чарак

Ігар Чарак кажа, што не чакаў затрымання.

«Я не разлічваў, што мяне затрымаюць на акцыі, бо там выступаў дэпутат Ігар Марзалюк і казаў усім прысутным, што затрыманняў не будзе. Дэпутат запрасіў звяртацца да яго, хто хоча працаўладкавацца. Таму я быў спакойны, хацеў прыйсці да яго па дапамогу, бо шукаю працу. Але далей вы бачылі, што здарылася…

Пры затрыманні мяне збілі, праз 15 содняў усё яшчэ баліць плячо. За медычнай дапамогай не звяртаўся. Спачатку сядзеў адзін, а пасля прыйшоў нейкі хлопец, які кажа, што бачыў мяне на «Белсаце». У ізалятары перадавалі шмат перадач, за што вялікі дзякуй», – дзеліцца ўражаннямі Ігар Чарак.

Зміцер Люнтоў – актывіст, кіраўнік раённай філіі БСДП (Грамада) атрымаў 15 содняў арышту пасля Маршу недармаедаў у Магілёве. Падчас акцыі хлопец некалькі разоў выступаў з мегафонам, звяртаўся да людзей, рабіў прамовы, за што быў затрыманы людзьмі ў цывільным. Змітра Люнтова асудзілі, як актыўнага ўдзельніка несанкцыянаванага мерапрыемства, паводле артыкулу 23.34 адміністрацыйнага кодэкса.

Ігар Чарак падчас Марша недармаедаў у Магілёве стаяў з плакатам «Немагчыма ўжо». Жорсткае затрыманне Ігара Чарака маглі бачыць усе гледачы «Белсату» падчас онлайн-трансляцыі, якую вёў наш канал. Пасля акцыі Ігара схапілі невядомыя людзі ў цывільным, пачалі збіваць і затаўклі ў машыну.

На судзе гэтыя асобы ў цывільным назваліся супрацоўнікамі міліцыі і сведчылі, што перад затрыманнем прадставіліся Ігару і нават паказалі сваё пасведчанне: трымалі ў зубах, бо рукі былі занятыя. Суд Ленінскага раёну Магілёва пакараў Ігара Чарака за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, а таксама за непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам міліцыі адміністрацыйным арыштам у 15 содняў.

Усяго ў Магілёве за акцыі недармаедаў асудзілі 11 асобаў: 5 атрымалі содні, 1 атрымаў папярэджанне, астатнія – штрафы. Зміцер Люнтоў і Ігар Чарак выйшлі апошнімі.

Марына Кавалёва belsat.eu

Стужка навінаў